Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Юры Рубцоў: Мае лісты з ізалятара не выпускаюць


Юры Рубцоў
Юры Рубцоў

З палітвязьнем Юрыем Рубцовым, якога трымаюць у баранавіцкім сьледчым ізалятары, днямі сустрэлася ягоная жонка Ядвіга. Яна распавяла, у якіх умовах трымаюць мужа.

«Спатканьне было кароткае — усяго 2 гадзіны дазволілі пагаварыць праз шкло, па тэлефоне. Патлумачыў, чаму гэтак доўга ад яго не было лістоў. Мяркуе, што ягоныя лісты з ізалятара наўмысна затрымліваюць, а некаторыя і ўвогуле не выпускаюць, бо ён лічыцца палітычным, за ім асабліва пільны нагляд. І сапраўды: яму нашы лісты перадаюць, а ад яго даходзілі адзінкі», — паведаміла карэспандэнту Свабоды Ядвіга Рубцова.

24 ліпеня Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу Юрыя Рубцова на прысуд Пружанскага раённага суду, які прызнаў Рубцова вінаватым ва ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня «хіміяй» і прысудзіў да 2 гадоў зьняволеньня ў калёніі. Куды накіруюць Юрыя Рубцова адбываць гэтае пакараньне?

Пра гэта, паводле Ядвігі Рубцовай, яе мужу дагэтуль ня кажуць. «Ён падрыхтаваўся да этапу ў любы момант, сабраў і падрыхтаваў рэчы, але ня кажуць, куды і калі павязуць. Мяркуе, што гэтак робяць наўмысна, каб не было нікому вядома раней, чым ім трэба. Хутчэй за ўсё, бліжэй да Гомеля ня будзе, а будзе як мага далей», — мяркуе жонка палітвязьня.

Паводле жонкі Юрыя Рубцова, ён не галадуе, але па-ранейшаму наракае на харчаваньне ў баранавіцкім сьледчым ізалятары. «Зноў сказаў, што кормяць там кепска і калі б не харчы з дому, не пратрымаўся б», — дадала Ядвіга Рубцова.

У баранавіцкім сьледчым ізалятары Юрыя Рубцова трымаюць з красавіка. За гэты час вязень двойчы абвяшчаў галадоўкі пратэсту. Першая галадоўка, калі Рубцоў дамагаўся галоснага суду, цягнулася каля 50 дзён, і тады ён страціў больш за 20 кіляграмаў вагі. «Цяпер бачна, што крыху пасьля галадовак паправіўся, выглядае больш-менш нармальна», — сказала пра зьнешні выгляд мужа Ядвіга Рубцова.

____________________________________________-

У 2014 годзе актывіст з Гомеля Юры Рубцоў быў асуджаны на 1,5 года «хіміі» за зьнявагу судзьдзі. Актывіст публічна назваў «падонкам» судзьдзю Савецкага райсуду Менску Кірыла Палулеха, які пасьля Чарнобыльскага шэсьця судзіў яго паўразьдзетага. Напярэдадні Рубцова затрымалі міліцыянты і сарвалі зь яго майку з надпісам «Лукашэнка сыходзь».

На «хіміі» Юры Рубцоў патрабаваў працы, аплата якой адпавядала б заяўленаму Аляксандрам Лукашэнкам сярэдняму па краіне заробку ў 500 даляраў, але такой працы ў Пружанскім раёне для Юрыя Рубцова не знайшлі. За адмову выходзіць на працу зь нізкім заробкам міліцыянты завялі на актывіста крымінальную справу паводле артыкула аб ухіленьні ад адбыцьця пакараньня.

На «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну Юры Рубцоў зрабіў на грудзях тату з надпісам «Лукашэнка сыходзь». Гэтае тату маглі пабачыць прысутныя на працэсе ў Пружанскім райсудзе, які асудзіў актывіста на 2 гады калёніі.

Апазыцыя і праваабаронцы ў Беларусі, а таксама за мяжой прызналі Юрыя Рубцова палітвязьнем і патрабуюць тэрмінова вызваліць яго і спыніць крымінальны перасьлед.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG