Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэйман занепакоены ростам складзкіх запасаў і магчымым ростам сацыяльнай напружанасьці


Віктар Шэйман, архіўнае фота
Віктар Шэйман, архіўнае фота

У першым паўгодзьдзі зноў вырасьлі складзкія запасы на прамысловых прадпрыемствах Гарадзенскай вобласьці. Пра гэта заявіў кіраўнік спраў прэзыдэнта Беларусі Віктар Шэйман на пасяджэньні Гарадзенскага аблвыканкаму.

Паводле Шэймана, на 1 чэрвеня складзкія запасы дасягнулі 4,2 трлн рублёў, а суадносіны складзкіх запасаў да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці павялічыліся з 78,8% да 82,5%.

Пры гэтым Камітэт дзяржкантролю зафіксаваў спробы некаторых прадпрыемстваў схаваць гэтую тэндэнцыю, паведаміў Шэйман:

«За такія дзеяньні адказных асобаў чакае жорсткае спагнаньне з боку Камітэту дзяржкантролю, ураду».

Паводле Шэймана, за студзень-травень 2015 году аб’ём зьнешняга гандлю таварамі па вобласьці склаў 573,9 млн даляраў, што на 24,1% ніжэй параўнальна з адпаведным пэрыядам мінулага году. Рэалізавана за мяжу прадукцыі на 318,9 млн даляраў (75,7% да ўзроўню аналягічнага пэрыяду мінулага году), паведамляе БелТА.

Шэйман параіў працаваць «у тых умовах, якія склаліся», і адзначыў, што «сытуацыя на расейскім рынку стабілізавалася, прадукцыя актыўна рэалізуецца».

Паводле Шэймана, праблемы застаюцца на буйных прадпрыемствах рэгіёну — такіх, як «Гродна Азот», «Белкард», Гарадзенскі шклозавод і Гарадзенская абутковая фабрыка. Ён казаў пра зьніжэньне заробкаў, скарачэньне колькасьці працоўных калектываў і працоўнага часу. Пры гэтым некаторыя нэгатыўныя моманты носяць ужо ўстойлівы характар, адзначыў кіраўнік спраў прэзыдэнта.

Паводле Шэймана, на 1 чэрвеня 2015 году дэбіторская запазычанасьць у будаўнічых арганізацыях рэгіёну склала 2,6 трлн рублёў, зь іх амаль палова (1,2 трлн рублёў) пратэрмінаваная. Пагоршыўся фінансавы стан і іншых прадпрыемстваў. У 49 арганізацыях (пераважна сельскагаспадарчых), паводле дадзеных на 1 ліпеня, зьявілася пратэрмінаваная запазычанасьць па заробках.

Паводле Віктара Шэймана, «гэта ня можа не адбівацца на настроі людзей».

«У гэтых умовах нельга дапусьціць росту сацыяльнай напружанасьці ў працоўных калектывах», — сказаў Шэйман.

У 2013 годзе Аляксандар Лукашэнка прызначыў Віктара Шэймана кіраўніком спраў прэзыдэнта, вызваліўшы яго ад пасады памочніка прэзыдэнта па асаблівых даручэньнях.

Раней Шэйман займаў пасады дзяржсакратара Рады бясьпекі, генпракурора, кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта і іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG