Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніка БНФ уключылі ў склад выбарчай камісіі Менску


Зьміцер Касьпяровіч
Зьміцер Касьпяровіч

Прадстаўніка Партыі БНФ Зьмітра Касьпяровіча 22 ліпеня ўключылі ў склад Менскай гарадзкой тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Пра гэта паведаміў каардынатар кампаніі «Права выбару» Дзяніс Садоўскі, які прысутнічаў на пасяджэньні прэзыдыюма Менгарсавету і Менгарвыканкаму.

«Гэта адзіны прадстаўнік дэмакратычных сіл, уключаны ў склад Менскай гарадзкой выбарчай камісіі», — зазначыў ён, дадаўшы, што ў камісію вылучаліся яшчэ некалькі прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый.

Апрача таго, 22 ліпеня былі сфармаваныя дзевяць раённых камісій. Па адным прадстаўніку дэмакратычных сіл уключылі ў склад Заводзкай і Савецкай раённых тэрытарыяльных камісій (ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» адпаведна).


«Параўноўваючы склады выбарчых камісій на гэтых выбарах і мінулых, можна сказаць, што на 65-70% у іх уключылі адных і тых жа людзей. Людзі мяняюцца толькі фармальна. Гэта гаворыць пра тое, што з году ў год адны і тыя ж людзі, якія маюць давер уладаў, займаюцца фальсыфікацыямі на выбарах», — сказаў Садоўскі.


Ён зазначыў, што з боку ўладаў прагучалі характэрныя словы. «Тое, што прадстаўнікі, паводле іх слоў, апазыцыі падавалі дакумэнты на ўключэньне ў склад камісій у апошнія дні, яны расцэньваюць як фармальны падыход да выбараў, што гэта проста спроба заявіць пра сябе. Такімі заявамі яны дыскрэдытуюць дэмакратычныя сілы. Гэта паказалі і вынікі фармаваньня тэрытарыяльных камісій у Менску: большасьць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл у камісіі не былі ўключаныя», — сказаў Садоўскі.

Усяго ў склад 153 тэрытарыяльных выбарчых камісій, што ствараюцца на прэзыдэнцкіх выбарах 11 кастрычніка, былі вылучаныя 2.623 чалавекі. 1.025 чалавек былі вылучаныя грамадзянамі шляхам падачы заяў, 308 — працоўнымі калектывамі, 1.290 — грамадзкімі аб’яднаньнямі, у тым ліку палітычнымі партыямі — 242.


Сёньня — апошні дзень фармаваньня тэрытарыяльных камісій. Не пазьней за 9 жніўня павінны быць створаныя ўчасткі для галасаваньня, пасьля чаго пачнецца вылучэньне прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій — гэты этап працягнецца па 23 жніўня ўключна. Затым, у пэрыяд па 26 жніўня ўключна, павінна прайсьці стварэньне ўчастковых камісій.


Апазыцыя пастаянна падкрэсьлівае важнасьць фармаваньня выбарчых камісій, заяўляючы, што неўключэньне ў іх склад прадстаўнікоў дэмакратычных сіл стварае ўмовы для фальсыфікацый выбараў, а таксама зьяўляецца адным з доказаў недэмакратычнасьці выбарчых кампаній у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG