Афіцыйныя ідэолягі сталі распавядаць, што ў сёлетнюю выбарчую кампанію ініцыятыўныя групы атрымалі больш магчымасьцяў дзеля гэтай справы, паколькі органы мясцовай улады дазволілі зьбіраць подпісы каля рынкаў і гандлёвых аб’ектаў, а таксама на прыпынках грамадзкага транспарту.
Рэчыцкі райвыканкам у рашэньні № 1488 за 16 ліпеня, зьмешчаным на сайце, у тым ліку й газэты «Дняпровец», гэтым разам таксама ня згадвае пра забарону збору подпісаў каля гандлёвых крамаў ды рынкаў, а вось на прыпынках грамадзкага транспарту пікеты ў Рэчыцы ладзіць нельга — толькі на адлегласьці ня менш за 50 мэтраў.
У першапачатковым варыянце рэчыцкія чыноўнікі наагул напісалі, што нельга зьбіраць подпісы бліжэй за паўсотні мэтраў ад вайсковай часткі № 22403 Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Уважлівыя чытачы пачалі посьціць рашэньне ў сеціве і даваць на гэты конт зьдзеклівыя камэнтары.
Справа ў тым, што такой вайсковай часткі ўжо некалькі месяцаў не існуе ня толькі ў Рэчыцкім раёне, але і наагул у складзе Міністэрства абароны Беларусі. Яна рэарганізаваная ў адасоблены аддзел захоўваньня вайсковай часткі 52957. Пасьля сьмяшлівага камэнтару пост з рашэньнем зьнік з сайту. Зьявілася ўдакладненая вэрсія са зьмененай назвай вайсковай часткі.
Грамадзкі актывіст з Рэчыцы Валер Пуціцкі так камэнтуе перадвыбарчую мэтамарфозу:
Яны бяруць старыя паперы й пішуць так, як было. Зараз, праўда, падправілі, напісалі больш пашырана, удакладнілі нумар часткі, установы пералічылі. Пяць гадоў таму такога не было.
«Яны бяруць старыя паперы й пішуць так, як было. Зараз, праўда, падправілі, напісалі больш пашырана, удакладнілі нумар часткі, установы пералічылі. Пяць гадоў таму такога не было. Тады было напісана агульнымі словамі — нельга зьбіраць подпісы бліжэй за 50 мэтраў ад устаноў, якія забясьпечваюць жыцьцядзейнасьць тэрыторыі. Але пра вайсковую частку забыліся, якая яна ёсьць, што яна зьмяніла нумарацыю і наагул перастала быць часткаю. Такія ў нас чыноўнікі. Па-старому ўсё будзе й на выбарах — ня будзе ў нас ніякіх зьменаў».
Са словаў Пуціцкага, некаторыя жыхары Рэчыцы зьвярнулі ўвагу й на нумар рашэньня райвыканкаму — 1488. Засумняваліся, што столькі рашэньняў сёлета здолеў прыняць выканкам. Больш за тое, спалучэньне лічбаў добра вядомае ў гісторыі, як кодавы лёзунг белых нацыстаў: 14 — гэтулькі словаў у іх лёзунгу, а лічба 88 — код нацысцкага вітаньня.
Актывіст мяркуе, што гэта толькі недарэчнае супадзеньне і наўрад ці трэба тут шукаць нейкі падтэкст.