Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Алена Казлова


Алена Казлова (Анка Упала)
Алена Казлова (Анка Упала)

Анка Упала (Алена Казлова) — празаік, перакладчыца. Нарадзілася 14.03.1981 у Магілёве. Скончыла факультэт замежных моваў Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, літаратурна-філязофскі факультэт Беларускага калегіюму. Пераможца літаратурнага конкурсу імя Данііла Хармса «Чатырохногая варона» (Санкт-Пецярбург, 2007), фіналістка конкурсу маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана (Мінск, 2009), з часопіснай публікацыяй увайшла ў шортліст прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў намінацыі «Проза» (2011). Аўтарка кнігі «Дрэва энталіпт» (2012). Апавяданьні, вершы і пераклады публікаваліся ў калектыўных зборніках, альманахах і літаратурных часопісах.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Мне ўсе чытацкія рэакцыя цікавыя, але адначасова я да ўсіх ацэнак і абыякавая. Таму так: я пішу для ўсіх, ні для кога і для сябе.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Калі мне не даводзіцца зарабляць іншымі працамі, калі сама распараджаюся сваім часам і маю асабістую прастору.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Напэўна, ніякай. Усе аўтаркі і аўтары добрых кніг прайшлі да іх шлях сваім жыцьцём. А навошта мне чужое жыцьцё?

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

У дзяцінстве ― Малы, які сябраваў з Карлсанам. Калі мне было каля дваццаці ― Аліса ў Залюстроўі. Зараз я часткова злы і добры Эдзічка Лімонаў, гэта знутры, а звонку ― скрыня, якую намаляваў Экзюперы для Маленькага Прынца.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Зараз Андрэй Платонаў, відаць. Але зноў я б шукала іншых слоў, не ўлюбёны, а які захапляе, дзівіць умельствам, розумам. Эмацыянальныя ацэнкі і прывязанасьці — не крытычныя.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Чытаю «La Petite Bijou» Патрыка Мадыяно, у рускім перакладзе ― «Маленькое чудо».

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Па-ангельску, па-ўкраінску, разьбіраю троху па-шведзку.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

У мяне выйшла адна, «Дрэва энталіпт». Але я ня схільная любавацца мінулым, мне ўвесь час цікава, што цяпер і потым.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Ува мне пакуль ляжаць яшчэ дзьве. Адну ўжо не хачу, а другая сабе шлях намацвае, але якая яна, можна будзе даведацца, толькі калі яна сасьпее.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Калі прыкрытыя тылы, сьпіна, калі глыбока давяраю камусьці. Тады, напэўна, можна адважвацца на ўсё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG