Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нью-Ёрку адзначылі 100-гадовы юбілей Антона Шукелойця ФОТА


100-гадовы юбілей Антона Шукелойця ўрачыста адзначаўся беларускай грамадою ў Нью-Ёрку. У грамадзкай залі пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага на Атлянтык Авэню 401 сабралася поўная заля. Усе чакалі юбіляра і сустрэлі яго аплядысмэнтамі.

Як распавяла Радыё Свабода кіраўніца БАЗА Ганна Сурмач, урачыстасьць ладзіў Бруклінскі аддзел БАЗА. Напачатку ў залі загучаў гімн «Не пагаснуць зоркі ў небе» у выкананьні хору «Унія». Падчас урачыстасьці выступілі прадстаўнікі мясцовай беларускай дыяспары.

Першае слова для прывітаньня юбіляра ўзяў сп. Расьціслаў Гарошка — старшыня Парафіяльнай рады Сабору, у залі якога адбывалася сьвята. Ён нагадаў пра актыўную ролю сп. Шукелойця, якую ён адыграў пры куплі будынка, дзе адбываецца сьвяткаваньне. Гарошка адзначыў, што Антон Шукелойць перажыў шмат цяжкіх момантаў у жыцьці і ўрэшце вымушаны быў пакінуць Бацькаўшчыну.

Паводле яго словаў, цягам 32 гадоў сп. Шукелойць узначальваў Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне, якое аб’ядноўвае беларусаў цэлай Амэрыкі і ёсьць старэйшаю беларускай арганізацыяй у гэтай краіне, заснаванай у 1949 годзе.

Вітаўт Кіпель узгадаў сваё знаёмства са сп. Шукелойцям пад час вайны і налічыў шэсьць пакаленьняў сямьі Зоры і Вітаўта Кіпеляў, якія зналіся зь юбілярам, пачынаючы ад бацькоў і да сёньняшняга маладзейшага пакаленьня Кіпеляў — унукаў сп. Вітаўта.

Янка Запруднік параўнаў ролю юбіляра з роляю гераскопа — прыбора, які забясьпечвае раўнавагу. Ён таксама адзначыў важную ролю Шукелойця як этнографа, што вельмі важна для выяўленьня нацыянальнай ідэнтычнасьці.
Зянон Пазьняк нагадаў пра сумесную працу над кнігаю ўспамінаў, якая была выдадзена пад назваю «Гутаркі з Антонам Шукелойцям», а таксама выказаў надзею, што ім яшчэ ўдасца запісаць працяг успамінаў.

Зь віншавальнымі прамовамі выступілі таксама Ала Орса-Рамана, Ганна СУрмач, Юрка Азарка, Віталь Зайка, Валянціна Якімовіч.

Напрыканцы імпрэзы выступіў Сяржук Сокалаў-Воюш. Ён выканаў некалькі песень і прысьвяціў Шукелойцю свой новы верш пад назвай «Сто».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG