Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскіх казакоў арыштавалі на 2 месяцы пасьля п’янкі з бойкай


Казакі ў Пінску, фота інфармацыйнага парталу «Зара»
Казакі ў Пінску, фота інфармацыйнага парталу «Зара»

Тры расейскія казакі, зь іх адзін непаўналетні, арыштаваныя на 2 месяцы кожны на час расьсьледаваньня выпадку зь іх удзелам, які здарыўся непадалёк ад Пінску на мінулым тыдні. Рашэньне прыняла Пінская міжраённая пракуратура паводле прадстаўленьня мясцовага аддзелу Сьледчага камітэту. Да зьмяшчэньня пад арышт казакі адбылі па тры дні адміністрацыйнага арышту за хуліганства.

Інцыдэнт здарыўся ў ноч на 8 ліпеня ў інтэрнаце Пінскага аграрна-тэхналягічнага каледжу ў вёсцы Галева непадалёк ад гораду. Паводле намесьніка міжраённага пракурора Сяргея Гарошкі, расейскія казакі, якія ўдзельнічалі ў прапагандысцкім конным паходзе па маршруце Масква — Бэрлін і на ноч спыніліся ў інтэрнаце, у нецьвярозым стане пабілі студэнта каледжу, а таксама пашкодзілі лядоўню, уваходныя дзьверы і разьбілі вазу. Па гэтым факце заведзеная крымінальная справа аб злосным хуліганстве.

«З-за чаго ў казакоў узьнікла бойка са студэнтам? Кажуць, не падзялілі мясцовую дзяўчыну? Ці нешта іншае?» — спытаў карэспандэнт Свабоды ў дзяжурнай па інтэрнаце, дзе спыняліся расейскія турысты.

Жанчына адмовілася распавядаць пра прычыны інцыдэнту і паведаміла, што пацярпелы студэнт ужо зьехаў дадому. Паводле яе словаў, яму дасталося нязначна: «Рукі-ногі цэлыя». Пра пашкоджаньні, якія расейцы нанесьлі інтэрнату, жанчына сказала: «У нас усё цудоўна».

Пракурор Брэсцкай вобласьці Іван Наскевіч ужо запэўніў празь мясцовых журналістаў, што ў дзеяньнях пінскіх праваахоўнікаў адносна расейцаў няма палітычных матываў.

«Нашы сябры-расейцы павялі сябе неадэкватна. Самае крыўднае ў гэтай сытуацыі, што мы заўсёды адэкватна глядзім на кожны факт правапарушэньня. Калі б яны адпачатку прынесьлі прабачэньні, зрабілі б захады дзеля загладжваньня нанесенай шкоды, то і мы зрабілі б па-братэрску. Але, на жаль, такіх крокаў насустрач зроблена не было», — сказаў пра расейцаў пракурор вобласьці.

Іншыя ўдзельнікі казацкага паходу дайшлі да Брэста конна, а далей па маршруце паехалі на цягніку. Польскія ўлады не пусьцілі коней з прычыны вэтэрынарнага кантролю. Пра казакоў, вінаватых у інцыдэнце пад Пінскам, кіраўнікі паходу паведамілі, што іх пазбавяць узнагароды за паход.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG