Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША забараняе дапамагаць украінскім групоўкам з нэанацысцкай ідэалёгіяй


У чэрвені Кангрэс ЗША прыняў рашэньне, каб амэрыканская дапамога не давалася фармаваньням з нэанацысцкай ідэалёгіяй. Асобна ў рашэньні быў пазначаны ўкраінскі добраахвотніцкі батальён «Азоў», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Праварадыкальныя групы ва Ўкраіне палітычна падобныя да антылібэральных партый у іншых краінах Эўропы. Але расейская агрэсія дала ўкраінскім радыкалам магчымасьць стварыць узброеныя аддзелы. Менавіта гэта выклікае ўсё большую занепакоенасьць. Пра гэта кажа экспэрт базаванай у Вашынгтоне аналітычнай установы «Атлянтычная рада» Адрыян Каратніцкі.

«Ідэя, што могуць быць ідэалягічныя ўзброеныя фармацыі, палягае за межамі эўрапейскай і амэрыканскай традыцыі, тым больш, калі лідэры такіх груповак у мінулым выказвалі трывожныя расісцкія погляды» — заўважае ён.

«Ідэя ў тым, каб мы не фінансавалі ніякія групы, зьвязаныя з нэанацызмам» — кажа кангрэсмэн Брэндан Бойл.

Прадстаўнікі добраахвотніцкіх фармаваньняў ва Ўкраіне кажуць, што іх аднесьлі да катэгорыі небясьпечных памылкова.

«Я прызнаю за ўсімі, уключаючы ЗША, права дапамагаць таму, каму яны хочуць, кіруючыся ўласнымі крытэрамі. Але я хачу, каб мяне пачулі. Фронт барацьбы з сусьветным злом цяпер праходзіць не ў Сырыі або ў Іраку. Ён праходзіць ва Ўкраіне. Я не лічу, што ўкраінскія баявыя злучэньні больш небясьпечныя, чым мусульманскія злучэньні, якім ЗША ня раз дапамагалі — кажа баец добраахвотніцкага батальёну „Правы сэктар“ Алена Белазерская. — З тэзай амэрыканскага палітыка, што гэтыя людзі могуць павярнуць зброю супраць ураду і народу Ўкраіны, я катэгарычна ня згодная. Ён не арыентуецца ў нашай сытуацыі».

Але падзеі апошніх тыдняў пацьвердзілі існаваньне праблемы. У прыватнасьці, далёка ад зоны баёў у Данбасе, калі ў Мукачаве узброеныя людзі, якія назваліся байцамі «Правага сэктару», кінулі выклік дзяржаве.

«Калі трэба, мы можам паслаць свае рэзэрвовыя батальёны куды трэба — у адміністрацыю прэзыдэнта, міністэрства ўнутраных спраў. І даць Авакава і прэзыдэнту магчымасьць убачыць, колькі людзей у «Правым сэктары» — кажа прадстаўнік гэтай арганізацыі Арцём Скарападскі.

«Гэта, на маю думку, пацьвярджае ідэю, што ўкраінская дзяржава не настолькі моцная, каб магла трываць такія недазволеныя узброеныя палітычныя фармаваньні. Я лічу, што Парашэнка мае рацыю, калі кажа пра неабходнасьць разьмежаваньня паміж дэпутатамі і байцамі, палітычнымі і ўзброенымі арганізацыямі» — кажа Адрыян Каратніцкі.

Украіна працуе над рашэньнем праблемы — пачалася інтэграцыя добраахвотніцкіх батальёнаў ва ўзброеныя сілы і структуры міністэрства ўнутраных спраў. Але працэс не ідзе гладка.

«Улада адмаўляецца нас легалізаваць на нашых умовах. Нашы ўмовы — гэта захаваньне батальёну як цэласнага ваеннага злучэньня з нашымі камандзірамі. Каб не было так, каб нам потым памянялі нашых камбатаў на ідыётаў. Якія ўмеюць толькі салдат у катлы заганяць» — працягвае баец батальёна «Правы сэктар» Алена Белазерская.

Расейская прапаганда зрабіла сваім галоўным лёзунгам тэзу, што ва Ўкраіне кіруе фашызм і нэанацызм, а ўкраінскі ўрад у Маскве ўвесь час спрабуюць называць хунтай.

Адрыян Каратніцкі адхіляе сьцверджаньне, што праварадыкальныя фармаваньні ўяўляюць пагрозу існаваньню Ўкраіны. Нават лідэр «Азову» Андрэй Бялецкі, паводле яго словаў, спрабуе гуляць канструктыўную ролю.

«Крытыка „Азову“ і самога Бялецкага ў тым, што ён спалучае палітычнае лідэрства з камандзірствам, з дэпутацкай роляй. Я думаю, што ён павінен выбраць, а адносна поглядаў ён павінен растлумачыць, ці ён далей трымаецца расісцкіх поглядаў пра „барацьбу белай расы“. Калі ён адмаўляецца ад гэтых поглядаў, то тады праблемы зьнятыя», — кажа амэрыканскі экспэрт.

Ён лічыць, што добраахвотніцкія батальёны ўжо адыгралі важную ролю ў абароне Ўкраіны і могуць быць станоўчым фактарам у аднаўленьні ўкраінскай арміі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG