Паплечнікі Мікалая Статкевіча заклікалі грамадзянаў Беларусі выкарыстаць апошнія дні да 14 ліпеня, каб далучыцца да ініцыятыўнай групы па вылучэньні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты.
У заяве яны адзначаюць, што кампанія праводзіцца пад лёзунгам «Без вызваленьня кандыдата ў прэзыдэнты на мінулых выбарах Мікалая Статкевіча і ўсіх палітвязьняў і поўнага аднаўленьня іх у правах ніякія выбары ў Беларусі ня могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі».
«Людзі Беларусі! Толькі ў еднасьці наша сіла! Беларусь павінна стаць нармальнай эўрапейскай краінай. Разам мы сіла!» — гаворыцца ў заяве каманды Статкевіча. Аўтары заявы дзякуюць тым грамадзянам, хто ўжо далучыўся да ініцыятыўнай групы па вылучэньні Мікалая Статкевіча.
«Мы ведаем, як няпроста шмат каму з вас даўся гэты крок. Разумеем тую адказнасьць, якая ўскладаецца на нас, і абавязкова апраўдаем ваш давер. Мы зьвяртаемся да былых палітвязьняў рэжыму Лукашэнкі: вы ведаеце, што такое беларуская турма, вы ведаеце, чаго каштуе мужнасьць у гэтай турме. Далучайцеся! Мы зьвяртаемся да ўсіх апазыцыйных палітычных партыяў і грамадзкіх рухаў — будзьце годнымі памяці лідэраў апазыцыі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Генадзя Карпенкі. Далучайцеся! Мы зьвяртаемся да тых беларусаў, якія вымушана апынуліся на эміграцыі. Вы — частка нашай нацыі. Мы просім вас арганізоўваць акцыі ў замежжы ў падтрымку нашай дзейнасьці. Мы зьвяртаемся да журналістаў: просім даваць інфармацыю пра нашу кампанію, а таксама знайсьці ў сабе грамадзянскую мужнасьць і ўваходзіць у ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча, не прыкрываючыся стандартамі, прынятымі ў дэмакратычных краінах, дзе выбары адбываюцца насамрэч. Сьветлая памяць вашых калегаў Зьмітра Завадзкага, Веранікі Чаркасавай, Алега Бябеніна павінна вас натхніць на гэты мужны крок», — гаворыцца ў заяве.