Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя пералічыла сродкі за «Чарнобыльскі шлях» дзіцячаму дому


Падчас "Чарнобыльскага шляху"-2015 у Менску
Падчас "Чарнобыльскага шляху"-2015 у Менску

Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч атрымаў адказ з Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму на свой запыт, у якім цікавіўся лёсам дамоўленасьцяў паміж міліцыяй і арганізатарамі сёлетняга «Чарнобыльскага шляху». У прыватнасьці, гаворка ішла пра пералічэньне сродкаў, спагнаных з апазыцыянэраў за ахову правапарадку падчас акцыі, на карысьць аднаго зь дзіцячых дамоў.

Упраўленьне аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі паведаміла спадару Губарэвічу, што на грашовыя сродкі, пералічаныя на рахунак ГУУС Менгарвыканкаму па заключаных дамовах на аказаньне паслугаў па забесьпячэньні аховы правапарадку пры правядзеньні мерапрыемстваў 26 красавіка былі набытыя матэрыяльныя каштоўнасьці — відэапраектар Ерson, кампутар HP Pavilion, экран Classic Gemini. У якасьці спонсарскай дапамогі сёлета ў чэрвені іх перадалі Радашкавіцкай школе-інтэрнату для дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

26 красавіка ў Менску адбылося вулічнае шэсьце «Чарнобыльскі шлях», прымеркаванае да 29-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У якасьці аднаго з заяўнікаў масавай акцыі выступаў Юрась Губарэвіч. ГУУС Менгарвыканкаму выставіла рахунак за паслугі аховы парадку падчас мерапрыемства ў памеры больш як 13 мільёнаў 600 тысяч рублёў — звыш 2 мільёнаў 700 тысяч рублёў на кожнага зь пяцёх арганізатараў акцыі:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Аплаты паслугаў па ахове масавых мерапрыемстваў менская міліцыя пачала патрабаваць ад нядаўняга часу, хоць гэта заўжды ўваходзіла ў яе непасрэдныя абавязкі і не магло ажыцьцяўляцца на камэрцыйнай аснове. У выпадку ўжываньня такой практыкі хацелася б бачыць падрабязна расьпісаны каштарыс аказаных паслугаў, пачынаючы ад колькасьці задзейнічаных супрацоўнікаў міліцыі», — адзначае Юрась Губарэвіч.

У звароце на імя начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандра Барсукова палітык задаў і іншае пытаньне: «Рэгулярныя адвольныя затрыманьні ўдзельнікаў санкцыянаваных вулічных акцыяў ставяць пад сумнеў якасьць аказаных паслугаў. Узьнікае пытаньне: чаму арганізатары падобных мерапрыемстваў павінны фінансаваць незаконныя дзеяньні супраць мірных грамадзянаў?»

У выніку перамоваў зь міліцыяй напярэдадні «Чарнобыльскага шляху» была дасягнутая дамоўленасьць: арганізатары пагаджаюцца плаціць за ахову правапарадку, але грошы, якія спаганяе міліцыя, павінны быць пералічаныя дзіцячаму дому, якім апякуецца міліцэйскае ведамства.

Каб спраўдзіць выкананьне гэтай дамоўленасьці, Юрась Губарэвіч даслаў копію квітанцыі аб аплаце паслугаў менскай міліцыі ў часе «Чарнобыльскага шляху» і папрасіў пацьвердзіць пералічэньне сродкаў на рахунак дзіцячага дому. Палітык спадзяецца, што гэты акт дабрачыннасьці паспрыяе наладжваньню грамадзкага дыялёгу і паляпшэньню іміджу беларускіх праваахоўных органаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG