Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбіткі пальцаў трэба будзе здаваць на мяжы падчас кожнай паездкі


Адбіткі пальцаў неабходна пацьвярджаць кожны раз на мяжы з краінамі Шэнгенскай зоны, піша выданьне «Вечерний Гродно».

З 23 чэрвеня пры афармленьні шэнгенскай візы беларусам трэба рабіць дактыляскапію. Сапраўднай яна застаецца прыкладна пяць гадоў, аднак пры ўезьдзе ў краіну Шэнгенскай зоны памежнікі цяпер будуць правяраць дадзеныя біямэтрыі. Вонкава сканаваньне нагадвае зьняцьце адбіткаў пальцаў для атрыманьня біямэтрычнай візы. Адмовіцца нельга — разьвернуць на мяжы.

Як распавёў на прэс-канфэрэнцыі на памежным пераходзе ў Кузьніцы камэндант Падляскага атраду пагранічнай службы Анджэй Рытвінскі, новы парадак дазволіць забясьпечыць эфэктыўны кантроль на мяжы.


Дадзеныя сканаваньня на працягу 20 сэкундаў патрапяць у адзіную базу VIS (візавая інфармацыйная сыстэма) у Страсбуры. Гэта дазволіць праверыць дынаміку выдачы шэнгенскіх візаў чалавеку — або, напрыклад, ці адпавядае мэта візыту заяўленай.

— Сканаваньне адбіткаў — проста неабходнасьць. Дадатковая працэдура не павінна выклікаць дыскамфорт і займаць шмат часу, — кажа Анджэй Рытвінскі.

На памежных пераходах Падляскага ваяводзтва ўжо ўстаноўленыя стацыянарныя апараты для сканаваньня. Чалавек павінен пакласьці далоні на апарат, а памежнік убачыць, ці адпавядаюць адбіткі тым, што знаходзяцца ў базе дадзеных сыстэмы VIS. Памежнік з дапамогай сканэра зьверыць дадзеныя біямэтрычнай візы.

Калі раней на польскіх памежных пераходах пры праверцы дакумэнтаў ня трэба было выходзіць з машыны, цяпер гэта давядзецца рабіць кожнаму.

Ёсьць і мабільныя сканэры: іх будуць выкарыстоўваць у цягніках, пры праверцы кіроўцаў грузавікоў, у некаторых выпадках — у звычайнай чарзе. У гэтым выпадку скануецца толькі вялікі палец правай рукі.

У выключных выпадках (калі зьбярэцца вялікая чарга) можа быць дадзена каманда праверыць дакумэнты як і раней, без сканаваньня.

Анджэй Рытвінскі адзначыў, што тых, у каго ёсьць дзейная шэнгенская віза, звычайная або нацыянальная, новаўвядзеньні не закрануць.

Паводле памежнай службы Падляскага ваяводства, 90% тых, хто перасякаюць мяжу Польшчы на памежных пераходах ваяводзтва, — грамадзяне Беларусі. Гэта прыкладна паўтара мільёна чалавек ад пачатку году, што на 15% менш у параўнаньні з такім самым пэрыядам леташняга году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG