Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята ў Будславе стала таксама сьвятам беларускай вышыванкі ФОТА


Фэст абраза Маці Божай Будслаўскай сам па сабе зьяўляецца аднаўленьнем беларускай хрысьціянскай традыцыі, аднак у гэтым годзе нацыянальны характар сьвята быў асабліва заўважным, піша Catholic.by.

Значная частка пілігрымаў, пераважна маладых, прыйшлі ў Будслаў у беларускіх вышытых кашулях, футболках з нацыянальным арнамэнтам ці са стужкамі з народнымі ўзорамі.

«Касьцёл у нашай краіне вельмі клапатліва ставіцца да беларускай культуры; вышыванкі — гэта частка нашай культуры і самабытнасьці; і калі гэта спрыяе ўмацаваньню самасьвядомасьці, калі гэта частка нашай культуры, якую мы пачынаем шанаваць, прынамсі, такім чынам — я думаю, гэта вельмі добрая справа», — казаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у канцы мінулага года, каментуючы рост папулярнасьці народных строяў і ўзораў у Беларусі.

«Я сам зьяўляюся парафіянінам Будслаўскага санктуарыя, кожную нядзелю прыходжу на Імшу, лічу, што нацыянальнае адзеньне мы павінны апранаць, каб людзі памяталі, што яны маюць сваё адзеньне», — дзеліцца Віктар Апанасевіч з Будслава, які, апрануты ў нацыянальную кашулю і падперазаны пасам, праходзіцца па плошчы каля санктуарыя ў чаканьні ўрачыстай Імшы.

У брата Яўгена Голуба, які сьпяшаецца па сьцежках парка сярод парасонаў, якія ахоўваюць ад сонца, з-пад хабіта сьвецяцца белыя манжэты з чырвоным арнамэнтам. Адна кашуля з нацыянальным арнамэнтам — і нават манаскі хабіт становіцца больш урачыстым і сьвяточным.

Брат Яўген кажа, што, калі прыяжджаеш у Нацыянальны санктуарый, які ў нас адзін у краіне, то і адзеньне варта мець нацыянальнае.

«У нацыянальны ў нацыянальным» — кажучы коратка, але дакладна.

«А чаму і не апранаць, нават проста таму, што гэта прыгожа і яно сваё», — дадае пілігрым Антось Паплёўка з Лагойска.

Аляксандр Гелагаеў, Аксана Ючкавіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG