Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыйная рэформа ва Ўкраіне робіцца пад ціскам Масквы і Эўропы, — экспэрт


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка

Украіна пачынае правядзеньне канстытуцыйнай рэформы, якая прадугледжваецца менскімі дамоўленасьцямі.

1 ліпеня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка агучыў праект зьменаў у Канстытуцыю. Згодна зь імі Ўкраіна пяройдзе да дзяржаўнага ўладкаваньня, якое прадугледжвае дэцэнтралізацыю і перадачу часткі паўнамоцтваў прэзыдэнта і ўраду на месцы.

Паводле прапанаваных зьменаў улада на месцах перадаецца мясцовым радам, тыя абіраюць выканкамы і кіраўнікоў выканкамаў. Пасады кіраўнікоў гарадзкіх і абласных дзяржаўных адміністрацыяў ліквідуюцца. Выканаўчая ўлада на месцах будзе падсправаздачная мясцовым радам ды падкантрольная інстытуту прэфэктаў. Прэфэкты — прадстаўнікі цэнтральнай улады, якія будуць ажыцьцяўляць кантрольную функцыю, каардынаваць дзеяньні мясцовых уладаў, ажыцьцяўляць рэалізацыю дзяржпраграмаў.

Пра мэтазгоднасьць праводзіць адміністрацыйныя рэформы ў ваенны час Свабода пагутарыла з кіеўскім палітолягам Віктарам Каспруком.

— Ці можна казаць, што прэзыдэнт Парашэнка выступіў з прапановай канстытуцыйных зьменаў пад ціскам Масквы, якая патрабуе фэдэралізацыі Ўкраіны?

Віктар Каспрук
Віктар Каспрук

— Пытаньне адміністратыўнай рэформы было актуальным ня толькі сёньня, але гадоў дзесяць і нават дваццаць таму. Яно ўвесь час адкладалася, і здавалася, што яго можна адкладаць бясконца. Таму можна сказаць, што такое рашэньне прымаецца сапраўды пад ціскам Масквы, але ня толькі яе — і пад ціскам эўрапейцаў таксама. Таму што для Эўропы вельмі важна, каб па ўкраінскім пытаньні быў дасягнуты хоць які мінімальны кампраміс.

Але зь іншага боку, калі зараз памяняць «вобласьці» на «рэгіёны» і зрабіць узбуйненьні на ўзроўні раённых цэнтраў, гэта можа выклікаць нэгатыўныя наступствы. Вельмі часта раёны ва ўкраінскай глыбінцы маюць вельмі вялікія функцыі ня толькі ў асьветнай, культурнай сфэрах, але і ў мэдычнай. Цяжка зразумець, як чалавек, які цяпер пераадольвае 40 кілямэтраў, каб дабрацца да лякарні, будзе пераадольваць у два разы большую адлегласьць. Таму ў такі няпросты час, які цяпер перажывае Ўкраіна, да гэтага пытаньня трэба падыходзіць вельмі дазіравана. І мне здаецца, што прэзыдэнт Парашэнка вельмі добра ўлічыў тыя нюансы і падводныя камяні, якія могуць узьнікнуць, калі вельмі хутка правесьці адміністрацыйныя рэформы. Хутчэй за ўсё, гэты працэс мы будзем праходзіць павольна, тэстуючы ўсе магчымыя нэгатывы, якія могуць узьнікнуць.

— Як вы ставіцеся да таго, што адміністрацыйныя рэформы будуць праводзіцца ў час канфлікту на тэрыторыі Ўкраіны?

— Я не магу сказаць, што я цалкам пазытыўна стаўлюся да гэтых рэформаў. Тым больш што ёсьць пэўны прымус для прыняцьця такога рашэньня. Разам з тым трэба зьвярнуць увагу на тое, што калі рэгіёну можа быць нададзеная аўтаномія, гэта зусім не азначае, што такая магчымасьць будзе рэалізаваная да таго часу, пакуль тэрарыстычныя фармаваньні не пакінуць тэрыторыю Ўкраіны і пакуль ня будзе адноўленая мяжа. Мы цяпер уваходзім у стадыю пэўнага торгу паміж Украінай, Расеяй і Эўразьвязам наконт таго, што трэба раней ставіць — каня ці воз. І дыпляматычныя манэўры прэзыдэнт Парашэнка вельмі ўдала пралічыў наперад. Відавочна, што ўкраінскае грамадзтва ні ў якім разе ня прыме тыя прапановы, якія нам навязвае Масква. А Масква хоча, каб мы пакінулі тэрарыстычную ракавую пухліну ўсярэдзіне Ўкраіны, каб гэтая хвароба распаўсюдзілася па ўсім целе нашай дзяржавы. Іншымі словамі, Масква хоча ўвесьці ва Ўкраіну цэлы табун траянскіх коней пад выглядам неабходнасьці адміністрацыйнай рэформы. Нават ня ведаю, ці ў сусьветнай дыпляматыі ёсьць такія прэцэдэнты, каб адна дзяржава навязвала суседняй дзяржаве тое, якім павінен быць тэрытарыяльны і адміністрацыйны лад.

— Што рэалізацыя адміністрацыйных рэформаў будзе значыць для Данбасу?

— Перавод Данбасу ў статус аўтаномнага ўтварэньня цяпер ня можа быць рэальным. Мы ня можам далучаць тое, што ня можам кантраляваць. Разьвязаць гэтую сытуацыю можна толькі адным чынам — Украіна павінна аднавіць кантроль над сваімі тэрыторыямі.

Зь іншага боку, цягам 24 гадоў украінскай незалежнасьці Данбас меў так званую аўтаномію. Прэзыдэнту Кучму гэта было выгодна, бо Данбас даваў яму электаральныя паслабленьні. Цяпер Кучма бярэ актыўны ўдзел у перамовах па ўрэгуляваньні канфлікту і выступае як бацька ўкраінскай дзяржаўнасьці, і намагаецца задняй датай вырашыць тыя праблемы, якія ён сам стварыў.

Калі б у свой час Данбас ня быў аддадзены Віктару Януковіча і ягоным хаўрусьнікам, такой сытуацыі не магло б узьнікнуць увогуле. Але Данбас заўсёды быў адарваны ад Украіны, інфармацыйна там дамінавала Расея, расейцы рабілі там што хацелі. Тады Кучма заплюшчваў на гэта вочы. Цяпер ён уцяміў, што да чаго, і выступае як адзін з гарантаў цэласнасьці ўкраінскай дзяржавы.

Я лічу, што роля Кучмы ў аўтанамізацыі Данбасу вельмі вялікая, таму гаварыць пра тое, што Данбас цяпер хоча стаць аўтаномным, нельга. На жаль, ён быў аўтаномны цягам доўгіх гадоў. Задача ўкраінскай улады — ня даць магчымасьці іншым абласьцям, такім, як Харкаўская і Адэская, высоўваць падобныя прэтэнзіі. На прыкладзе Данбасу мы ведаем, як ня трэба паводзіць сябе з абласьцямі, якія маюць схільнасьці да сэпаратызму і аддзяленьня.

— Будзе ўведзеная пасада прэфэкта, які будзе прадстаўляць у рэгіёнах цэнтральную ўладу і ажыцьцяўляць кантрольную функцыю. Як вы лічыце, ці будзе гэтая пасада эфэктыўнай?

— Калі мы дублюем пасады з заходняга досьведу, гэта яшчэ ня значыць, што яны гэтак жа эфэктыўна будуць рэалізаваныя для самакіраваньня ва Ўкраіне. На жаль, карупцыя і кумаўство на месцах настолькі пашыраныя, што немясцоваму прэфэкту будзе вельмі цяжка рэалізоўваць тыя правы, якія яму можа надаць Кіеў. Цэнтральнай уладзе ў любым разе трэба будзе прыстасоўвацца да мясцовых рэаліяў, таму што прэфэкт ва ўкраінскім выкананьні можа зусім не адпавядаць пасадзе прэфэкта ў заходніх краінах. Але зь цягам часу, спадзяюся, мы зможам падцягнуцца да эўрапейскіх стандартаў, і тыя здабыткі, якія мы запазычваем, запрацуюць на пазытыў і ўва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG