Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Майкі з выявай Пуціна — гэта прапаганда імпэрыі і яе нэгатыўных каштоўнасьцяў», — сябра суполкі «Пошуг»


У сацыяльных сетках суполка «Пошуг» разьмясьціла фатаздымкі, на якіх малады чалавек топча майку з выявай Уладзімера Пуціна.

Як патлумачыў сябра суполкі Іван карэспандэнту Свабоды, на фатаздымку майку топча сябра «Пошугу», а да ўладальніка майкі не ўжываўся гвалт.

«Тым больш, ён наўрад ці здолеў бы нешта супрацьпаставіць нашаму актывісту. Але трэба адзначыць, што ўсе тыя нядобразычліўцы, што вінавацяць нас у кульце грубай сілы, самі проста не гатовыя ні маральна, ні фізычна да таго, каб адстойваць свае ідэалы ў рэальным жыцьці ці нават элемэнтарна абараніць сябе і сваіх блізкіх.

І, нарэшце, мы за міжнародную салідарнасьць, за права народаў на самавызначэньне і самастойнасьць. Што ёсьць Расея? Імпэрыя, якая прыгнятае малыя народы і жыве за іх кошт. Яна нясе поўную дэструкцыю ў сьвет. Тым больш расейшчына ў Беларусі выяўляецца выключна шавінізмам і агрэсіяй у бок беларускага. А майкі такога кшталту — прапаганда імпэрыі і яе нэгатыўных каштоўнасьцяў. Але Расею чакае лёс калоса Радоскага. Сама прырода пакажа „гіганцкай статуі“ ейнае месца», — сказаў Іван.​

«Пошуг» — гэта моладзевы сацыяльны рух, гэта не арганізацыя, таму яна ня мае сьпісу сяброў, расказвае Іван. «Наша мэта — прыцягнуць увагу да пэўных грамадзкіх праблемаў, уплываць на сацыяльныя інстытуты і зьмяняць іх. Захапляючыся ідэямі тэарэтыкаў анархізму мінулага, беларускага народніцтва, а таксама некаторымі сучаснымі антыаўтарытарнымі ідэалёгіямі, натхняючыся гістарычнымі фігурамі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, накшталт Касьцюшкі, Каліноўскага, чальцоў беларускай „Грамады“, мы нясем у сваіх дзеяньнях ідэі ўмацаваньня нацыянальнай самасьвядомасьці, сацыяльнай роўнасьці, асабістай свабоды».

Сябра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Вазьняк не падзяляе дзеяньні сяброў суполкі «Пошуг».

«Калі дэмакратыя, то я магу насіць тую майку, якая мне падабаецца. Мне зусім не падабаецца Пуцін, але гэта не азначае, што я павінен перашкаджаць людзям насіць майкі з Пуціным. Гэта дэмакратыя. Трэба праяўляць цярплівасьць. Я магу ісьці ў майцы з Марксам ці Чэ Гэварам і магу меркаваць, што гэта некаму не падабаецца. Дык што, яны павінны падыйсьці да мяне, зьняць яе і таптаць, а мяне адлупцаваць? Канечне, не. Гэта гаворыць пра нізкую палітычную культуру нашага грамадзтва, калі мы да такіх рэчаў ня можам спакойна ставіцца. Ёсьць забароненая сымболіка — нацысцкая, партрэт Гітлера, тое, што асуджана міжнародным трыбуналам і ўсёй сусьветнай супольнасьцю. Калі гэтага няма, то чалавек мае права насіць майку з сымболікай, якая яму падабаецца. І нічога зь ім нельга зрабіць. Пуцінізм не прызнаны злачынным, і Пуцін не прызнаны злачынцам. Мне не падабаецца Пуцін і яго палітыка, але я не падыду да чалавека ў майцы з Пуціным і ня буду сілком зь яго гэту майку сьцягваць. Магу выказаць яму сваё меркаваньне пра Пуціна. А дыктаваць чалавеку, якую яму майку насіць, гэта нельга. Я тады таксама ня буду мець рацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG