Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уюн на пяску трохлітровага возера


Тацяна Барысік
Тацяна Барысік

Тацяна Барысік

Сяргей Украінка. Белы бусел, чорнае пяро. Вершы і апавяданьні. Пераклад зь беларускай на расейскую Пастухоў Г.В. «Радопа» Смаленск. 2015.

«Белорусы?

Выжиги, вьюны...

Им бы русского духа поболее

Да немножко чеченской войны.

Вот и бросили б думать о «воле».

А ці думаюць?

Волю сваю,

Пэўна й так ужо

Грукнулі вобземлю.

...Сьпіць, заплюшчыўшы вочы,

Уюн

На пяску

Трохлітровага возера.

(С. Украінка. Беларусы? Выжыгі, уюны)

Ужо аднаго гэтага дзьвюхмоўнага палемічнага верша зь нечаканаю згадкай самай беларускай рыбіны, здатнай выжыць у любой гразі перасохлай сажалкі, дастаткова было, каб не пакінуць па-за ўвагаю кнігу.

А яна і сапраўды адметная. Ужо таму, што зьяўляецца вынікам супрацы творцаў памежных тэрыторыяў, а ня проста перакладным выданьнем у звыклым разуменьні. Вершы, зацемкі, апавяданьні магілёўскага аўтара Сяргея Ўкраінкі, што гучалі на літаратурных імпрэзах і зьяўляліся ў пэрыядычным друку, былі сабраныя пад адну вокладку, перакладзеныя на расейскую мову і выдадзеныя Генадзем Пастуховым — выдаўцом, перакладчыкам і пісьменьнікам са Смаленску. Разьлічаная на знаёмства найперш расейскамоўных чытачоў суседняй дзяржавы з творчасьцю беларускага літаратара, кніга будзе зразумелая ўсім, хто дасканала валодае абедзьвюма мовамі, і хто толкам ня ведае ніводнай.

Проза зьмешчаная толькі ў перакладзе, вершы друкуюцца ў арыгінале і ў перакладзе. Гэта дае магчымасьць усходнім суседзям адчуць мэлёдыю гучаньня нашай мовы. А нам самім параўнаць і ацаніць напоўніцу талент паэта і перакладчыка. Вершы, самыя разнастайныя па стылістыцы і памерах, вылучаюцца моўным багацьцем, захапленьнем красою без прыхарошваньня, яскравымі кранальнымі вобразамі, у якія хочацца ўглядацца:

Сунічак не паспытаў...

Чарніцамі рук ня высініў...

Ня бачыў, як вішні дразды падзяўблі.

...На яблыку вось пасьлізнуўся.

Восень?...

Мікола-Цудатворац, каторы правіць свой дзень народзінаў у Магілёве на трубах цеплатрасы, парэзаная касою жабіна лапка, грэцкі праснак, як сымбаль уласнага жыцьця. Натуральнасьць пачуцьцяў, запрашэньне да развагі, імкненьне называць рэчы сваімі імёнамі і ў лірыцы, і ў сатыры:

Клопатам «ацечаскім» сагрэты,

На будынку школы

Нейкі гад

Накрамзоліў:

«Кіньма цыгарэту,

А курыцьмем, хлопцы, самасад!»

Не дапамагло. З тае пары зьмяніліся нават назвы краіны на геаграфічнай мапе, але ня хлопцы. У такіх варунках нічога не застаецца, апроч відавочнага маральнага выбару:

Я вам не скажу за ўсю плянэту,

Што ямчэй згінае нас у крук —

Самасад ці, можа, цыгарэта.

Мне пляваць.

Бо я куру бамбук.

Вы ж хаця не падумайце, нібы тое пра здаровы лад жыцьця напісанае!

Невыпадковы і зварот да жанру эпітафіі. Эпітафіі, а хутчэй пародыі на іх, удала спалучаюць сатыру з філязофскім роздумам. Уражваюць канкрэтнасьцю адказаў на спрадвечныя жыцьцёвыя пытаньні без мрояў і ілюзіяў:

Пад гэтай крушняю ляжыць дацэнт.

Ён быў ня роўня нам, браточкі з вамі,

Бо меў высозны «мазгавы працэнт».

Ён здаў жыцьцё экстэрнам. Як экзамэн.

Або:

...Дзіўна,

Але на яго хаўтурах

Ні ў кога не прабліснула чамусьці

Нават скупой сьлязіны.

А здавалася, доля ўдалася: і «дом збудаваў з трохсот кубамэтраў цэглы», і сыны ў людзі вышлі — «У міністэрстве ўнутраных спраў палкоўнікаў нагінаюць».

Празаічныя тэксты прадстаўленыя трыма непадобнымі адно на адно апавяданьнямі, а таксама гумарыстычнымі зацемкамі-назіраньнямі, якія аўтар пайменаваў сьмехаёчкамі. У сьмехаёчках, здаецца, сама Беларусь і беларусы распавядаюць пра сябе дасьціпна і шчыра.

«Сусед-мацак цікавіцца:

— Сяргеевіч, а чаму ты мотаблёк сабе ня купіш? Я дык з ім усё: і сена, і гной, і бульбачку...

— А-а, вось як зусім занядужаю, тады й куплю.»

Пра пераклад і перакладчыка варта сказаць асобна. Генадзь Пастухоў зьвяртаецца да твораў магілёўскіх пісьменьнікаў ня першы раз. У сваёй прадмове да кнігі С. Украінкі прызнаецца: «Цудоўную, багатую лексычна беларускую мову аўтара бывае складана перакласьці на расейскую, захоўваючы адценьні яе вобразаў». Але яму гэта ўдалося, найперш па прычыне паважнага стаўленьня да творцы, яго роднай мовы і Бацькаўшчыны. У тэксьце перакладу захаваная ня толькі беларуская, але і рэгіянальная самабытнасьць. Адчуваецца, што аўтар твораў — беларус з Быхаўшчыны, а ня жыхар расейскай глыбінкі. У перакладзе няма словаў, ніколі ня чутых у Беларусі, незразумелых, але чамусьці такіх прывабных для некаторых тутэйшых расейскамоўных літаратараў, кшталту «горніца», «сьнедь». Вершаваныя памеры, гульня словаў захаваныя. А жарты засталіся трапнымі і зразумелымі чытачу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG