Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі гісторык у Менску адновіць малюнкі «траўматычнай памяці»


Скрыншот сайту Беларускага архіву вуснай гісторыі http://nashapamiac.org, 24 чэрвеня 2015 году
Скрыншот сайту Беларускага архіву вуснай гісторыі http://nashapamiac.org, 24 чэрвеня 2015 году

На запрашэньне Беларускага архіву вуснай гісторыі 26–27 чэрвеня Менск наведае выбітны нямецкі дасьледчык, адмысловец у галіне вуснай гісторыі Аляксандар фон Плата (Alexander von Plato).

Важны кірунак у дасьледаваньнях Аляксандра фон Плато — тэма Другой усясьветнай вайны, якой, у прыватнасьці, прысьвечаная адна з апошніх ягоных кніг «Рабы Гітлера» (Hitler’s slaves. NY: Berghahn Books, 2010). На падставе жыцьцёвых гісторыяў людзей, якія ў свой час пацярпелі ад нацысцкага рэжыму, паказваецца дзейнасьць інстытуту прымусовай працы ў акупаванай Эўропе.

У першы дзень свайго візыту (26 чэрвеня) у памяшканьні менскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтру IBB гісторык прачытае публічную лекцыю, прысьвечаную вуснай гісторыі і яе асноўным праблемам. А для спэцыялістаў, заангажаваных у вуснагістарычныя дасьледаваньні, 27 чэрвеня там жа будзе праведзены практычны сэмінар у справе выкарыстаньня мэтаду oral history ў вывучэньні «траўматычнай памяці».

Паколькі фармат сэмінару прадугледжвае абмежаваную колькасьць удзельнікаў, арганізатары рэкамэндуюць накіроўваць заяўкі з пазначэньнем матывацыі ўдзелу загадзя (info@nashapamiac.org).

Аляксандар фон Плата — заснавальнік Інстытуту гісторыі і біяграфіі ўнівэрсытэту завочнага навучаньня гораду Гаген. Выдавец і сурэдактар часопіса біяграфічных дасьледаваньняў і вуснай гісторыі BIOS, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі вуснай гісторыі, аўтар шматлікіх публікацыяў, фільмаў і выставаў па нямецкай і міжнароднай гісторыі, запрошаны прафэсар у Вене, Вініпэгу ды іншых гарадах сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG