Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта ганьба, што ЗША не далі ўкраінцам зброю — Джон Маккейн


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (зьлева) вітае сэнатара ЗША Джона Маккейна падчас перамоваў у Кіеве, 20 чэрвеня 2015 году
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (зьлева) вітае сэнатара ЗША Джона Маккейна падчас перамоваў у Кіеве, 20 чэрвеня 2015 году

Група амэрыканскіх сэнатараў наведала Кіеў і сустрэлася з ваенным і палітычным кіраўніцтвам Украіны.

На фоне абвастрэньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны, у Злучаных Штатах усё гучней гучаць заклікі даць украінскай арміі сучасную зброю. У Кіеве сэнатары назвалі гэта неабходнай умовай для нераспаўсюджаньня расейскай агрэсіі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Сэнатары плянавалі наведаць населеныя пункты ў лініі разьмежаваньня. Але зь меркаваньняў бясьпекі не змаглі гэта зрабіць, бо прарасейскія баевікі не прытрымліваюцца менскіх дамоўленасьцяў і не спыняюць абстрэлы.

Амэрыканскія заканадаўцы заявілі: іх цяперашні візыт ва Ўкраіну — дэманстрацыя падтрымкі. На гэтым тыдні Сэнат зрабіў яшчэ адзін крок да таго, каб ўкраінскія вайскоўцы атрымалі сучаснае абарончае ўзбраеньне.

Сенатар Маккейн традыцыйна крытыкуе адміністрацыю Абамы за недастатковую жорсткасьць у дачыненьні да Расеі і слабую, на яго думку, падтрымку Кіева. Але спадзяецца, што ў рэшце рэшт прэзыдэнта ўдасца пераканаць дзейнічаць рашуча.

«Сэнат Злучаных Штатаў пару дзён таму ў поўным складзе дазволіў перадачу абарончай зброі Ўкраіне. Такія ж настроі ў Палаце прадстаўнікоў. Пераважная большасьць амэрыканскіх грамадзянаў таксама падтрымліваюць Украіну. Я не магу гаварыць за прэзыдэнта Абаму і яго адміністрацыю, але гэта ганьба, што мы да гэтага часу не далі ўкраінцам зброю, каб яны маглі сябе абараніць. Вам даводзіцца ваяваць са зброяй мінулага стагодзьдзя з ворагам, які мае звышсучасную зброю. Гэта — несправядліва», — заяўляе сэнатар Маккейн.

Ўкраінскае кіраўніцтва прызнае, што разьлічвае на дапамогу ЗША ў супрацьстаяньні расейскай агрэсіі: эканамічную, дыпляматычную і ваенную. «Гэта ня толькі фінансавая, эканамічная дапамога, але і падтрымка нашай бясьпекі», — сказаў на сустрэчы прэзыдэнт Парашэнка.

Яшчэ адна рэзанансная заява сэнатараў — пра магчымасьць ужо праз пару гадоў пастаўляць у Эўропу газ са Злучаных Штатаў. Гэта ударыць па амбіцыях Пуціна, які ня зможа шантажаваць эўрапейцаў.

«Калі мы пераконваем эўрапейскія краіны ўвесці мацнейшыя санкцыі супраць Расеі, некаторыя зь іх робяць гэта неахвотна. Яны тлумачаць гэта залежнасьцю ад расейскіх энэрганосьбітаў. Як толькі мы пазбавім эўрапейскія краіны такой залежнасьці, у іх будуць разьвязаныя рукі ў тым, каб ціснуць жорсткімі санкцыямі, каб прымусіць Расею выконваць свае абавязацельствы», — заявіў сэнатар Джон Барасо.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG