Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэрыкаве ўспомнілі пра сваю гісторыю


Разбураны ў 2012 годзе будынак чэрыкаўскага магістрату.
Разбураны ў 2012 годзе будынак чэрыкаўскага магістрату.

Каля 20 чалавек прынялі ўдзел у круглым стале «Традыцыі Магдэбургскага права на Магілёўшчыне», які адбыўся ў Чэрыкаўскай раённай бібліятэцы.

Многія слаўныя старонкі гісторыі Чэрыкава, у прыватнасьці, якія датычацца разьвіцьця мясцовага самакіраваньня, на сёньняшні дзень забытыя — да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі круглага стала, у прыватнасьці магілёўскія гісторыкі Ігар Пушкін і Аляксандр Агееў. Магчыма, менавіта таму ў 2012 годзе быў разбураны будынак, у якім калісьці разьмяшчаўся магістрат. Не захавалася ў горадзе і ратуша, пра што распавёў чэрыкаўскі гісторык і краязнаўца Васіль Максіменка, які падкрэсьліў, што Чэрыкаву ёсьць кім і чым ганарыцца.

Знос будынка 18 стагодзьдзя, у якім засядаў чэрыкаўскі магістрат.
Знос будынка 18 стагодзьдзя, у якім засядаў чэрыкаўскі магістрат.

Арганізатары круглага стала — прадстаўнікі Магілёўскай абласной арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» — прадставілі прысутным інфармацыю пра традыцыі Магдэбургскага права ў Чэрыкаве, якое было дадзена гораду прывілеем караля Ўладзіслава IV Вазы 15 лютага 1641 году. Праз 20 гадоў пасьля гэтага горад атрымаў свой герб, які і цяпер зьяўляецца афіцыйным сымбалем раённага цэнтру.

Пра важнасьць вывучэньня гісторыі роднага краю казала ў сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў круглага стала старшыня Чэрыкаўскага райсавету Ганна Ціханава. Яна, як і прадстаўнікі раённай выканаўчай улады, у прыватнасьці аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі, актыўна падтрымала прапановы, агучаныя ў рамках мерапрыемства аб увекавечаньні даты здабыцьця Чэрыкавам Магдэбургскага права.

Школьныя настаўнікі, работнікі бібліятэк, гісторыкі і журналісты прапанавалі, у прыватнасьці, стварыць фільм пра Магдэбургскае права ў Чэрыкаве, усталяваць інфармацыйныя шыльды, якія распавядаюць пра гісторыю раённага цэнтру, пачаць працу па аднаўленьні гарадзкой ратушы, унесьці дату 15 лютага 1641 году ў каляндар знамянальных дат Чэрыкаўскага раёну, ідэйна зьвязваць правядзеньне кірмашоў у горадзе з тымі кірмашамі, якія праходзілі ў Чэрыкаве ў часы Магдэбургскага права, указваць гістарычныя назвы вуліц гораду.

Прасоўваць прапановы, выпрацаваныя ў рамках круглага стала, было вырашана даверыць ініцыятыўнай групе, курыраваць якую пагадзілася кіраўніца прадстаўнічай улады раёну. Таксама па прапанове начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Кацярыны Каркозовой вырашана стварыць «Клюб аматараў гісторыі Чэрыкава».

Пра гэта інфармуе агенцтва БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG