Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі — 100 тысяч уцекачоў з Украіны


Уцекачы з Луганску ў Беларусі
Уцекачы з Луганску ў Беларусі

Прадстаўнік Агенцтва ААН у справах уцекачоў у Беларусі Жан Іў Бушардзі паведаміў, што з моманту пачатку канфлікту ва Ўкраіне ў Беларусь прыбыло для часовага пражываньня каля 100 тысячаў грамадзянаў Украіны. Яго словы цытуе Інтэрфакс.

«Сярод краінаў, якія мяжуюць з Украінай, Беларусь зьяўляецца другой пасьля Расейскай Фэдэрацыі паводле колькасьці прынятых грамадзянаў Украіны. З разьліку на 1 тысячу мясцовага насельніцтва Беларусь на першым месцы», — дадаў спадар Бушардзі.

Начальнік дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, што паток грамадзянаў Украіны, якія жадаюць атрымаць статус уцекача ў Беларусі ў сувязі з узброеным канфліктам у Данецкай і Луганскай абласьцях, у 2015 годзе не паменшыўся. «У 2014 годзе органы ўнутраных спраў разгледзелі каля 800 хадайніцтваў замежных грамадзянаў аб наданьні статусу ўцекача, 75% хадайніцтваў было ад грамадзянаў Украіны. У 2015 годзе разгледжана больш за 500 хадайніцтваў, большасьць зь якіх — ад жыхароў паўднёвага ўсходу Ўкраіны», — паведаміў Аляксей Бягун.

Паводле яго, статус уцекача ў Беларусі хочуць атрымаць ня толькі прадстаўнікі рэгіёнаў Украіны, дзе ідуць баявыя дзеяньні, але і іншых абласьцей Украіны. «Прычыны бываюць розныя: страта працы на радзіме, пазбаўленьне арэнднага жытла, немагчымасьць выплачваць крэдыт», — удакладніў прадстаўнік МУС.

Паводле Бегуна, доля адмоваў у наданьні статусу ўцекача складае 5-7% ад агульнай колькасьці хадайніцтваў.

Ён адзначыў, што беларускія ўлады ня маюць намеру ўводзіць квоты на прыём грамадзянаў Украіны.

«Беларусь у рамках міжнародных абавязаньняў будзе прымаць украінцаў заўсёды. Але пасьля пэўнага парогу спатрэбіцца дапамога міжнародных, няўрадавых арганізацый, бізнэсу або грамадзтва, каб забясьпечыць асобам, якія прыбываюць у Беларусь, камфортныя ўмовы для пражываньня і працы», — дадаў Аляксей Бягун.

Паводле яго, грамадзяне Украіны, якія не атрымалі статусу ўцекача, для легальнага працаўладкаваньня павінны атрымаць спэцыяльны дазвол у рэгіянальных упраўленьнях па грамадзянстве і міграцыі.

«Летась каля 20 тысячаў украінцаў атрымалі спэцыяльныя дазволы. З 1 студзеня 2015 году такія спэцдазволы атрымалі 8352 грамадзяніны Ўкраіны», — адзначыў начальнік дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG