Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапарлямэнце створаная фракцыя супраць Эўразьвязу. Фінансаваць яе будзе Эўразьвяз


У Эўрапарлямэнце пасьля шэрагу няўдалых спробаў сфармаваная правая палітычная група. Пра гэта абвясьцілі ў Брусэлі ў аўторак лідэры францускага «Нацыянальнага фронту» Марын Лё Пэн, нідэрляндзкай Партыі свабоды Герт Вілдэрс і шэрагу іншых партый, якія выступаюць супраць Эўразьвязу.

Новая фракцыя пад назвай «Эўропа нацый і свабодаў» атрымае на сваю дзейнасьць ад ЭЗ на працягу 4 гадоў 17,5 млн. эўра.

«Група будзе ўяўляць сабой ударную палітычную сілу, — сказала лідэр францускіх ультра Марын Ле Пен. — Стварэньне групы — гэта добрая навіна для нашых партый, а таксама для нашай краіны, нашага народу, для свабоды».

Галяндзец Герт Вілдэрс выказваўся супраць міграцыі звонку, супраць ісламізацыі Захаду, супраць банкаўскага Саюзу. Ён не зьяўляецца эўрадэпутатам, але ў фракцыі будзе прадстаўлена ягоная Партыя свабоды.

«Мы павінны зноў кантраляваць нашы межы, нашы грошы, нашы законы — усё, што адабраў у нас Эўрасаюз, — сказаў Вілдэрс. — Нашы краіны вернуць гэта ўсё сабе. Мы пачынаем вызваленьне сёньня, тут. Гэта гістарычны дзень, гістарычны момант», — цытуе палітыка тэлеканал Euronews.

Год таму не ўдалося сабраць неабходных для стварэньня фракцыі Эўрапарлямэнту 25 дэпутатаў зь сямі краін. Цяпер у яе пагадзіліся ўступіць два палякі з партыі «Кангрэс Новых правых» і былы сябра Партыі незалежнасьці Злучанага каралеўства Джэніс Эткінсан. Ангелька зрабіла гэта пасьля выгнаньня з Нацыянальнага фронту яго заснавальніка Жан-Мары Лё Пэна, вядомага сваімі антысэміцкімі поглядамі.

«Я рада, што бацька Марын выключаны з партыі, — сказала Аткінсан. — Цяпер для мяне палітычна больш спрыяльныя ўмовы».

У траўні сёлета Нацыянальны фронт прыпыніў сяброўства Жана-Мары Лё Пэна пасьля таго, як ён не ўпершыню паўтарыў, што Галякост быў нязначнай «гістарычнай дэтальлю».

Да новай фракцыі Эўрапарлямэнту далучыліся, акрамя згаданых, «Аўстрыйская партыя свабоды», італьянская «Ліга поўначы», вугорская партыя «Jobbik» і бэльгійскі «Флямандзкі інтарэс».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG