Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадача зьвестак міжнародным арганізацыям можа расцэньвацца як шпіянаж


Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні законапраект, які тычыцца крымінальных артыкулаў пра шпіянаж і здраду радзіме.

Прапануецца лічыць здрадай дзяржаве выдачу дзяржсакрэтаў ня толькі дзяржаве, замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку, але таксама міжнароднай арганізацыі або яе прадстаўнікам.

У артыкул 358 «шпіянаж» уводзіцца тэрмін «міжнародная арганізацыя».

Ці можа гэта быць скарыстана ў рэпрэсіўных мэтах, напрыклад, супраць актывістаў? Камэнтуючы сытуацыю карэспандэнту Свабоды, вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін адзначыў:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Вядома, любую такую меру можна павярнуць супраць людзей, якія маюць шырокія кантакты з замежжам. У прынцыпе, не ўяўляе вялікай цяжкасьці якую-небудзь інфармацыю абвясьціць альбо „для службовага карыстаньня“, альбо „сакрэтнай“. І падвесьці чалавека, які дзеліцца гэтай інфармацыяй, пад манастыр. Таму гэта можа быць скарыстана і ў рэпрэсіўных мэтах.

Хоць у нашых службаў і сілавых ведамстваў настолькі шмат усялякіх магчымасьцяў, што гэтая мне здаецца занадта хітрай. Неяк прасьцейшыя меры прымяняліся, яны былі эфэктыўныя. А гэта ўжо выглядае занадта вытанчанай мерай.

Магчыма, гэта нейкая сумесная палітыка з Расеяй. Магчыма, нашаму кіраўніцтву здаецца, што ў пэрсаналіях міжнародных арганізацыяў даволі вялікая колькасьць замежных выведнікаў. Альбо гэта наступства абвастрэньня сытуацыі паміж Расеяй і Захадам, і мы ня можам заставацца ў баку, як бы ні лявіравалі. Але ўсё роўна нейкія меры Расея будзе праціскаць».

На пачатку году Дзярждума РФ прыняла законапраект, які пашырыў паняцьці «дзяржаўная здрада» і «шпіянаж». Паводле новага закону, «шпіянажам» можа быць прызнаная перадача зьвестак ня толькі замежнай дзяржаве, але і міжнародным арганізацыям.

10 сьнежня журналіст газэты «Белорусы и рынок» Аляксандар Алесін быў вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. Камітэт дзяржаўнай бясьпекі выставіў журналісту абвінавачаньне паводле артыкула 356 «Здрада дзяржаве» і 356.1 «Выдача дзяржаўнай таямніцы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку, альбо шпіянаж». Пасьля вызваленьня спадар Алесін паведаміў Свабодзе, што абвінавачваньне ў здрадзе дзяржаве зь яго зьнялі, цяпер яго абвінавачваюць толькі ў супрацоўніцтве з замежнымі спэцслужбамі.

Аляксандар Алесін сказаў карэспандэнту Свабоды, што застаецца пад сьледзтвам.

«Сьледзтва працягваецца. Я чакаю, што ўсё ж будзе нейкая пэўнасьць. бо асабліва актыўных сьледчых дзеяньняў ня робіцца. Таму я чакаю, што ўсё наблізіцца да лягічнага завяршэньня. Сьледзтва мне нічога ня кажа. Яны маюць права падаўжаць сьледзтва і карыстаюцца гэтым правам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG