Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканцы ня будуць трэніраваць украінскі полк «Азоў», у Кангрэсе яго назвалі «нэанацысцкім»


Украінскі полк «Азоў» ня будуць трэніраваць за грошы Злучаных Штатаў, а Ўкраіна не атрымае амэрыканскія пераносныя зэнітныя ракетныя комплексы.

Кангрэс ЗША прыняў адпаведныя папраўкі да законапраекту HR 2685 «Аб выдатках на абарону ў 2015 годзе» («Department of Defense Appropriations Act of 2015») па ініцыятыве кангрэсмэна ад Дэмакратычнай партыі Джона Кон’ерса (John Conyers) і кангрэсмэна ад Рэспубліканскай партыі Тэда Ёга (Ted Yoho).

У паведамленьні на сваім сайце кангрэсмэн Кон’ерс піша: «Я ўдзячны, што Палата прадстаўнікоў учора аднагалосна прыняла прапанаваныя мной зьмены, каб гарантаваць, што нашы вайскоўцы ня будуць рыхтаваць байцоў агіднага (repulsive) нэанацысцкага батальёну „Азоў“...».

Падразьдзяленьне «Азоў» было створана як добраахвотніцкі батальён у траўні 2014 году, а пазьней ператворанае ў полк. У чэрвені 2014 году «Азоў» удзельнічаў у вызваленьні Марыюпалю ад баевікоў групоўкі «ДНР». Цяпер байцы гэтага палка знаходзяцца на перадавой Марыюпальскага напрамку, у прыватнасьці, у раёне Шырокіна.

Са спасылкай на шэраг амэрыканскіх і брытанскіх СМІ кангрэсмэн піша пра нэанацысцкія погляды шэрагу байцоў падразьдзяленьня, у тым ліку яго камандзіра Андрэя Білецкага.

«Вельмі добра, што кангрэсмэны аб гэтым думаюць, толькі шкада, што яны забыліся пра Будапэшцкі мэмарандум», — так для Радыё Свабода пракамэнтаваў рашэньне Кангрэсу ЗША прадстаўнік камандзіра палка «Азоў» Аляксандр Алфёраў.

Падпісаны ў 1994 годзе Будапэшцкі мэмарандум прадугледжваў у абмен на адмову ад ядзернай зброі гарантыі тэрытарыяльнай цэласьці Беларусі і Ўкраіны. Гэты мэмарандум падпісалі Расея, ЗША і Вялікабрытанія.

Наконт рашэньня аб адмове ад паставак пераносных зэнітных ракетных комплексаў у Ірак і Ўкраіну кангрэсмэн Кон’ерс піша:

«Калі і можна зрабіць простую выснову з удзелу ЗША ў замежных канфліктах, дык яна заключаецца ў наступным: трэба пазьбягаць непажаданых наступстваў. Як гэта добра праілюстраваў удзел ЗША ў аўганскім канфлікце падчас савецкага ўварваньня дзесяцігодзьдзі таму, занадта актыўная ваенная падтрымка і перанасычэньне канфліктаў зброяй можа прывесьці да дэстабілізацыі і ў канчатковым выніку пашкодзіць нашым уласным нацыянальным інтарэсам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG