Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт заклікаў адмовіцца ад партнэрства з Расеяй


Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой заклікае перагледзець адносіны Эўразьвязу з Расеяй і больш не лічыць Маскву стратэгічным партнэрам Брусэлю.

Рэзалюцыя заклікае дзяржавы Эўразьвязу заняць у дачыненьні да Масквы адзіную пазыцыю, заснаваную на непрызнаньні анэксіі Крыму і асуджэньні збройнага канфлікту ў Данбасе.

Як падае ВВС, дакумэнт рэкамэндуе дзяржавам ЭЗ ўстрымацца ад якіх-небудзь зьдзелак з Масквой, якія ідуць насуперак гэтай пазыцыі. Акрамя таго, рэзалюцыя заклікае да хутчэйшага стварэньня эўрапейскага энэргетычнага саюзу.

Дакумэнт таксама прапануе больш актыўна змагацца з расейскай прапагандай і, у прыватнасьці, стварыць расейскамоўныя СМІ, якія маглі б канкураваць зь дзяржаўнымі СМІ ў Расеі і падаваць альтэрнатыўны пункт гледжаньня на актуальныя пытаньні.

Мы застаёмся гатовымі да доўгатэрміновага крызісу з Расеяй

За прыняцьце рэзалюцыі прагаласавалі амаль дзьве траціны дэпутатаў. У аснову дакумэнту лёг даклад аб становішчы спраў у Расеі, падрыхтаваны дэпутатам ад Літвы Габрыэлюсам Ландсбергісам.

Апрача гэтага, сёньня ў Эўрапарлямэнце адбылося абмеркаваньне дакладу на тэму: «Стратэгічная ваенная сытуацыя ў басэйне Чорнага мора пасьля незаконнай анэксіі Крыму Расеяй». Выступаючы на гэтым абмеркаваньні, эўракамісар у пытаньнях адукацыі, культуры, моладзі і спорту Тыбар Наўраксыс заявіў, што Эўрапейскі Зьвяз гатовы да працяглай канфрантацыі з Расеяй:

«Мы застаёмся гатовымі да доўгатэрміновага крызісу з Расеяй і павінны гарантаваць у доўгатэрміновай пэрспэктыве захаваньне адзінства ЭЗ. Мы павінны быць гатовымі як да канфрантацыйных паводзінаў Масквы, так і да супрацоўніцтва зь ёй», — заявіў эўракамісар.

Пры гэтым Наўраксыс падкрэсьліў, што пазыцыя ЭЗ застаецца выразнай.

«Мы не прызнаем незаконную анэксію Крыму і Севастопалю. Мы працягваем асуджаць і прытрымлівацца палітыкі непрызнаньня, уключаючы пытаньні гандлю і інвэстыцый», — адзначыў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG