Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Ала Петрушкевіч


Ала Петрушкевіч
Ала Петрушкевіч

Ала Петрушкевіч нарадзілася ў 1960 у в. Шчонава Карэліцкага раёну. Закончыла Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (беларуская філялёгія), асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры АН Беларусі. Працавала на катэдры беларускай літаратуры ГарДУ. Кандыдат філялёгіі. Паэтка, празаік, перакладчыца, літаратуразнаўца. Аўтарка кнігі вершаў «Пярсьцёнак», літаратуразнаўчых выданьняў, сярод якіх «Натальля Арсеньнева. Шлях да Беларусі», «Іду па сьлядах», «Пра творы і творцаў», «Старонкі Гарадзеншчыны літаратурнай». Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Розныя кнігі – для розных чытачоў: крытыка – для студэнтаў, эсэістыка – для вольных асобаў, паэзія – для жанчын, проза – для несучасных асобаў. Мой ідэальны чытач – былыя настаўнікі. Шчасьлівая, бо маю такіх.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Пісаць (тварыць, прыдумляць) і зьберагаць напісанае – не адно і тое ж. Першае – усюды, дзе адна. Асабліва ноччу. Другое – за сваім сталом.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Не лічыце мяне безнадзейна нахабнай, але – «Вянка»! Яго ўзяла б на бязьлюдную выспу.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

У юнацтве – Ядвіся, пазьней – не знайшла. Зараз гераіня мае прозы.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Максім Багдановіч. І ўсе айчынныя клясыкі. І многія клясыкі сусьветнае літаратуры.

6. Што вы цяпер чытаеце?

А. Мара «Калодзеж у жыце»; А.Ф. Брыль «Ня ўпаў жолуд»; Ф.С. Фіцджэральд «Вялікі Гэтсбі» (перачытваю).

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Мне сорамна, але толькі (і то недасканала) па-ўкраінску і па-польску. Крыху па-нямецку.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

«Пярсьцёнак», бо адзіная і апошняя паэтычная.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Яшчэ 5. Заўсёды пішу 5 адначасова, закончу адну, а на яе месцы адразу ўзьнікае новая. Зараз асабліва хочацца закончыць «Таямніцы Ціхова».

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Калі гляджу на кветкі.

* * *

Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы вырашылі пачаць яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця і працягнуць сябрамі журы гэтай прэміі. Цяпер прапануем гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG