Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Самары адмовіліся ад беларускай каўбасы — занадта дарагая


Менская вобласьць, якую ачольвае старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра, паставіла ў траўні рэкорд. Паводле стану на 1 чэрвеня колькасьць прадпрыемстваў, дзе своечасова не выплачваюць заробкі, тут дасягнула 200.

Месяц таму ў вобласьці такіх было толькі 64. Гэтыя дадзеныя зьявіліся на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі.

«Менская вобласьць сапраўды зрабіла рывок, але ня ў той бок. І тым ня менш я б не сьпяшаўся абвінавачваць у гэтым Сямёна Шапіру», — кажа Свабодзе Аляксандар Ярашук, які сам працаваў у кіраўніцтве Менскай вобласьці і добра ведае сытуацыю ў ёй і цяпер:

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

«Я лічу, што трэба даволі крытычна ставіцца да гэтых дадзеных. Найхутчэй, яны не адлюстроўваюць рэальнага стану рэчаў у краіне. У краіне крызіс. А мясцовая вэртыкаль і кіраўнікі асобных арганізацыяў і прадпрыемстваў вельмі баяцца паказваць рэальныя лічбы. Я не сумняваюся, што сапраўдны стан рэчаў яшчэ горшы. Некаторыя прадпрыемствы пачалі разьлічвацца са сваімі супрацоўнікамі натурай, то бок сваімі вырабамі. Як гэта лічыць: запазычанасьці ці не? Статыстыка лічыць, што разьлік адбыўся. У мяне іншая думка.

Я мяркую, што спадар Шапіра дазволіў паказаць больш-менш рэальнае становішча спраў. Ва ўсіх рэгіёнах у сьпісах запазычанасьці найбольш прадстаўлены аграрны комплекс. Але ж няма грунту, каб сьцьвярджаць, што аграпрамысловы комплекс Віцебскай ці Магілёўскай вобласьці працуе эфэктыўней, чым у Менскай. Лічбы паказваюць, што ў Менскай вобласьці імкліва павялічылася запазычанасьць па заробках. Але наколькі гэта праўдзіва, сказаць цяжка. Мы ўжо даўно існуём як бы ў двух паралельных сьветах: рэальным і статыстычным».

«Дадзеная статыстыка, хутчэй за ўсё, не раскрывае рэальнай сутнасьці спраў у розных рэгіёнах Беларусі», — мяркуе кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Там, дзе не хаваюць канцы ў ваду, дзе паказваюць лічбы больш-менш сапраўдныя, там яны нібыта і горшыя. А Менская вобласьць — усё ж сталічная. Тут больш баяцца, што прыедзе начальства, шугане, праверыць. Таму тут і больш страху.

Дый справа не ў Шапіру. На вобласьць можна паставіць і Паўла Ізотавіча Якубовіча. Можна Абрамовіча — літоўскага, які цяпер працуе ў Кіеве. Альбо расейскага Абрамовіча. І нічога ад гэтага ня зьменіцца, калі кардынальна не зьмяніць эканамічную палітыку ўсёй Беларусі.

У нас цяпер сытуацыя абсалютна крызісная. І яна, як гэта ні дзіўна, павінна ўспрымацца кіраўніцтвам як самая карысная. Трэба скарачаць вытворчасьць, прыбіраць лішніх людзей. Грошай няма і не прадбачыцца бліжэйшым часам.

Вось мне сёньня патэлефанавалі з Самары. Там ва ўікэнд быў распродаж беларускіх харчоў. Самарцы прыйшлі. І што яны пабачылі? Цэны на беларускую каўбасу ў паўтара-два разы вышэйшыя за расейскія. Людзі абураюцца: што яны нам прывезьлі? Гэта ж трэба — у галоднай Самары, дзе людзі заўжды ня бачылі прадуктаў, прыехалі беларусы з такімі цэнамі, што ім сказалі: вы нам не патрэбныя.

А цяпер возьмем Сямёна Барысавіча Шапіру. Ну што ён зробіць? Ён што, перарэжа каўбасу напапалам, маўляў, купляйце дзешавей?!»

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, сума пратэрмінаванай запазычанасьці па заробках на 1 чэрвеня склала 300,6 мільярда рублёў. За адзін месяц яна павялічылася на 94 мільярды.

"Праблема гэтая істотная — і для Менскай вобласьці, і для ўсёй Беларусі. Яна мае істотную дынаміку. І можна сьмела казаць, што яна будзе і надалей спадарожнічаць эканоміцы. Як мінімум гэты год, а я думаю, і наступны таксама.

Іншая справа, што мы ўцягваемся ў лета. Пачынаюцца масавыя вакацыі. І гэта будзе крыху мікшыраваць, згладжваць сытуацыю. І так будзе да восені", — мяркуе Аляксандар Ярашук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG