«Беларусь разглядала і будзе разглядаць Расею як стратэгічнага партнэра», — заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сёньня ў Маскве на сустрэчы з кіраўніком расейскага зьнешнепалітычнага ведамства Сяргеем Лаўровым, перадае БелТА.
«У апошні час у інфармацыйнай прасторы зьяўляюцца нейкія чуткі пра тое, што нехта мяняе нейкія зьнешнепалітычныя вэктары. Мы разглядалі і будзем разглядаць Расею як нашага стратэгічнага партнэра, зь якім у нас шчыльныя адносіны ў рамках Саюзнай дзяржавы, і будзем прытрымлівацца ўсіх дасягнутых дамоўленасьцяў», — заявіў Уладзімер Макей.
Кіраўнік беларускага МЗС сказаў таксама, што ў сьвеце складваецца няпростая сытуацыя, і выказаў упэўненасьць, што на перамовах бакі ў канструктыўным духу абмяркуюць як пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва, так і ўзаемадзеяньне на міжнароднай арэне.
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў канстатаваў, што паміж Беларусьсю і Расеяй склаліся інтэнсіўныя кантакты на ўсіх узроўнях:
«Нас зьвязваюць сапраўдныя саюзьніцкія адносіны».
Сяргей Лаўроў паведаміў, што ў бліжэйшы час пройдуць беларуска-расейскія сустрэчы, у тым ліку на вышэйшым узроўні. У прыватнасьці Аляксандар Лукашэнка прыняў запрашэньне ўдзельнічаць у самітах БРІКС і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, якія адбудуцца на пачатку ліпеня ва Ўфе.