Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Францішак ў Сараеве заклікаў спыніць прапаганду вайны


Папа Францішак 6 чэрвеня падчас свайго візыту ў Сараева сустрэўся з трыма чальцамі Прэзыдыюму Босьніі і Герцагавіны, кожны зь якіх прадстаўляе розныя этнічныя групы. У сваім звароце ён заклікаў да дыялёгу і замірэньня.

Прэзыдэнт Босьніі і Герцагавіны Младэн Іваніч прызнаў: «Нават сёньня поўная роўнасьць для грамадзян у любой частцы краіны не была дасягнута. Па гэтай прычыне мы павінны працаваць разам і зь вялікай адданасьцю».

«Вельмі важна, што ўсе грамадзяне краіны роўныя і перад законам, незалежна ад іх этнічнай, рэлігійнай ці геаграфічнай прыналежнасьці. Усё так і павінна быць, каб сапраўды адчуваць сябе ўцягнутымі ў грамадзкае жыцьцё. Карыстаючыся аднымі і тымі ж правамі, яны будуць здольныя рабіць сумесны ўклад у агульнае дабро», — адзначыў Папа Францішак.

Перад ад’ездам Папа разам з трыма прадстаўнікамі Прэзыдыюму Босьніі і Герцагавіны выпусьціў белых галубоў. Пантыфік прывітаў усіх прысустных па-басьнійску: «Mir vama».

У сваёй гаміліі, прамоўленай на стадыёне перад 60 тысячамі вернікаў, Папа Францішак зрабіў непасрэдны заклік да тых, каго абвінавачваюць у войнах:

«У кантэксце глябальных камунікацый мы адчуваем атмасфэру вайны. Некаторыя хочуць падбухторваць і распальваць гэту атмасфэру. У асноўным гэта тыя, хто жадае канфлікту паміж рознымі культурамі і грамадзтвамі, і тыя, хто спэкулюе на войнах з мэтай продажу зброі», — зазначыў Папа Францішак.

У Сараеве Пантыфік папрасіў людзей глыбока задумвацца, перш чым падтрымліваць або весьці збройны канфлікт.

«Вайна азначае, што дзеці, жанчыны і пажылыя людзі будуць у лягерах уцекачоў; гэта азначае гвалтоўнае перасяленье насельніцтва; гэта азначае разбураныя дамы, вуліцы і заводы; гэта азначае, перш за ўсё, незьлічоныя разбураныя жыцьці. Вы добра ведаеце пра гэта праз сваё выпрабаваньне. Ня трэба больш вайны!», — сказаў Папа Францішак.

Папа патлумачыў, што ня толькі палітыкі адказныя за ўсталяваньне справядлівасьці і міру. Ён сказаў, што мір пачынаецца з маленькіх жэстаў у паўсядзённым жыцьці і праз прабачэньне:

«Тыя людзі, на якіх я глядзеў як на сваіх ворагаў, маюць на самой справе той жа самы твар, што і я, тое ж самае сэрца, тую ж душу. Мы маем шмат падабенстваў зь Нябесным Айцом. А сапраўдная справядлівасьць ёсьць жаданьнем рабіць іншым тое, што я хацеў бы, каб рабілі са мною і маім народам», — адзначыў Пантыфік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG