Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы пяць месяцаў чакаюць бязьвізавага ўезду ў Ізраіль


Затрымка адбываецца з прычыны датэрміновых выбараў у Ізраілі і фармаваньня новага ўраду.

5 чэрвеня 2015 году спаўняецца роўна пяць месяцаў з таго дня, як улады Беларусі цалкам выканалі свае абавязаньні па ўсталяваньні бязьвізавага рэжыму з Ізраілем.

Ізраільскі бок з выкананьнем сваёй часткі абавязаньняў марудзіць. Афіцыйнае тлумачэньне затрымкі — правядзеньне датэрміновых парлямэнцкіх выбараў і фармаваньне новага ўраду.

Амбасадар Ізраіля ў Беларусі Ёсіф Шагал, як паведамілі сёньня Свабодзе ў дыпляматычным прадстаўніцтве, да панядзелка знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Напярэдадні ў інтэрвію парталу TUT.BY ён заявіў, што «тэхнічны працэс падрыхтоўкі дакумэнтаў для ратыфікацыі пагадненьня аб адмене візавага рэжыму працягваецца». Амбасадар патлумачыў, што толькі на гэтым тыдні скончылася фармаваньне ўраду Ізраіля і прайшло яго першае пасяджэньне:

Ёсіф Шагал
Ёсіф Шагал

«То бок са студзеня, калі былі аб’вешчаныя датэрміновыя выбары, проста не было ўраду, які мае паўнамоцтвы завяршыць усе афіцыйныя працэдуры. Там набралася шмат дакумэнтаў, якія неабходна прыняць. Адзін зь іх — пратакол аб ратыфікацыі бязьвізавага рэжыму зь Беларусьсю».

Дэпутатка ізраільскага Кнэсэту Софа Ландвэр у інтэрвію радыёстанцыі РЭКА на мінулым тыдні сказала, што размаўляла з новым міністрам унутраных спраў Сільванам Шаломам пра адмену візавага рэжыму зь Беларусьсю. Паводле яе слоў, Шалом паведаміў, што чыноўнікі МУС рэкамэндавалі яму замарозіць гэты працэс, бо адмена візаў можа прывесьці да павелічэньня колькасьці нелегалаў, якія прыбываюць як турысты і застаюцца ў Ізраілі з мэтай заробкаў.

У Ізраілі словы дэпутаткі пра нежаданьне адмяняць візавы рэжым зь Беларусьсю абвяргаюць. Так, у апараце кіраўніка МУС Ізраіля называюць пагадненьне зь Беларусьсю «выгадным для абедзьвюх краінаў» і кажуць, што ведамства ня мае пярэчаньняў супраць адмены візаў.

А Ёсіф Шагал сказаў, што праз два дні пасьля інтэрвію Софы Ландвэр ён атрымаў афіцыйны ліст з МЗС Ізраіля, дзе «адназначна гаворыцца, што ніякіх прычынаў і падставаў для такога роду заяваў не было і няма».

Цікава, што спадарыня Ландвэр у папярэднім ізраільскім урадзе займала пасаду міністра абсорбцыі. І менавіта яна разам зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем яшчэ 19 верасьня 2014 году падпісалі ў Менску пагадненьне аб адмене візаў для грамадзянаў Беларусі і Ізраіля. У згаданым інтэрвію яна заявіла, што асабіста па-ранейшаму падтрымлівае ідэю бязьвізавага рэжыму паміж Беларусьсю і Ізраілем. Пры гэтым яна нагадала, які дадатковы даход атрымала яе дзяржава ў выніку адмены візаў з Расеяй, Украінай, Малдовай і Грузіяй.

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Асьцярогі, што адмена візаў для беларусаў можа прывесьці да павелічэньня колькасьці нелегалаў, якія прыбываюць турыстамі і застаюцца ў Ізраілі з мэтай заробкаў, выглядаюць перабольшваньнем, — лічыць палітоляг Андрэй Фёдараў, які наведваў Ізраіль:

«Адмена візаў не адмяняе памежнага ды іншага кантролю. Гэта проста адсутнасьць візаў. Калі браць пад увагу, што Ізраіль адмяніў візы для Расеі і Ўкраіны, дзе насельніцтва значна большае, чым у Беларусі, дык чаго тады ім баяцца нас?

Колькасьць працоўных месцаў у Ізраілі, зразумела, не бясконцая, а абмежаваная. І калі людзі, якія туды прыяжджаюць, ня змогуць знайсьці працу, ім прыйдзецца вяртацца. Бо там жа трэба жыць, а гэта нятанна. Таму я думаю, што згаданая аргумэнтацыя крыху надуманая».

А пакуль, каб беларусу наведаць Ізраіль, трэба набыць візу, якая каштуе 23 даляры. Грамадзянін Ізраіля за беларускую візу мусіць заплаціць даражэй — 60 эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG