Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анісім хоча сабраць 2000 чалавек у ініцыятыўную групу на выбарах прэзыдэнта


Алена Анісім на сэсіі Кангрэсу за незалежнасьць 21 сьнежня 2014 году

Другая сэсія Кангрэсу за незалежнасьць пройдзе ў нядзелю, 7 чэрвеня, у менскай сядзібе БНФ.

Пра гэта Свабодзе паведаміла сябра каардынацыйнай рады Кангрэсу Алена Анісім. Дэлегаты абмяркуюць палітычную сытуацыю ў краіне. А вось вылучэньне самой спадарыні Анісім у якасьці патэнцыйнай кандыдаткі на прэзыдэнта адбудзецца крыху пазьней.

Карэспандэнт: «Спадарыня Алена, я памятаю ўстаноўчую сэсію Кангрэсу, якая праходзіла 21 сьнежня 2014 году ў гатэлі „Вікторыя“. На ёй прынялі маніфэст супраць расейскага імпэрыялізму. І тады арганізатары, а вы былі ў іх ліку, плянавалі сабраць мільён подпісаў беларусаў пад гэтым дакумэнтам. А літаральна пяць дзён таму я чуў, як Юры Чавусаў сказаў на Сойме БНФ, што ён паставіў свой подпіс пад электронным варыянтам маніфэсту, і гэты подпіс, падобна, быў адзіны. Чаму так атрымліваецца?»

Анісім: «Справа ў тым, што ў нас пакуль малавата сіл, каб усе подпісы перанесьці ў электронны варыянт. А з другога боку, гэтая справа яшчэ сапраўды не набрала ў нас размаху. Людзі цікавяцца, дзе і калі можна падпісацца. Але галоўнае, калі яны дойдуць да гэтага. Я спадзяюся, што пасьля нашай палітычнай сэсіі, калі мы надамо розгаласу гэтай справе, людзі пачнуць больш актыўна падпісваць маніфэст.

Задача пра мільён подпісаў з парадку дня не здымаецца. Але паглядзіце, якая цяпер сытуацыя. Людзі разгубленыя. А зь іншага боку, зьяўляюцца такія целарухі некаторых вядомых палітыкаў, якія наагул ня ведаеш, як расцэньваць. Яны не далучаюцца да нас на самым пачатку, а пасьля пачынаюць перахопліваць ідэі. Гэта добра, што ідэі жывуць. Але ж, па вялікім рахунку, гэта ня так робіцца».

Карэспандэнт: «Каго вы запрасілі на другую сэсію?»

Анісім: «Мы запрашалі лідэраў многіх палітычных партыяў паўдзельнічаць у нашай палітычнай сэсіі. Хто зь іх будзе — пабачым. Будуць і прадстаўнікі грамадзтва, а ня толькі адны палітыкі. Таксама дамовіліся з двума экспэртамі — Сяргеем Нікалюком і Андрэем Фёдаравым, якія ў нас выступяць.

Мы робім тое, што раней і плянавалі: сабралі кангрэс, прынялі маніфэст, стварылі раду, правялі адну сэсію, зараз зьбіраем другую па той палітычнай кампаніі, якая ў нас сёлета праводзіцца. Мы фармулюем сваё бачаньне прэзыдэнцкай кампаніі і выказваем умовы, пры якіх мы будзем лічыць, што гэтая кампанія сапраўды дэмакратычная, празрыстая і ў ёй мае сэнс удзельнічаць.

Наступны этап, над якім я ўжо пачала працаваць, — гэта стварэньне сваёй ініцыятыўнай групы. Да яе далучаюцца грамадзяне з розных рэгіёнаў Беларусі. Мы ставім задачу мець у ініцыятыўнай групе зборшчыкаў подпісаў дзьве тысячы чалавек. Як толькі будзе аб’яўлена афіцыйна пра пачатак выбарчай кампаніі (а гэта ў жніўні), адразу рэгіструем ініцыятыўную групу і ідзем далей».

Карэспандэнт: «Дык 7 чэрвеня вас абвесьцяць патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнта?»

Анісім: «Не, пра сваё вылучэньне я буду аб’яўляць пазьней. Гэта будзе асобна і ня ў гэту нядзелю. Але раней, чым афіцыйна аб’явяць пра пачатак выбарчай кампаніі. А 7-га адбудзецца шырокае абмеркаваньне грамадзкасьцю палітычнай сытуацыі ў Беларусі».

У раду Кангрэсу за незалежнасьць уваходзяць таксама Сяргей Антончык, Уладзімер Колас, Алег Трусаў ды іншыя вядомыя асобы. А першыя тры подпісы пад маніфэстам супраць расейскага імпэрыялізму паставілі былы кіраўнік беларускай дзяржавы Мечыслаў Грыб, акадэмік Радзім Гарэцкі і вэтэран Другой сусьветнай вайны Фэлікс Шкірманкоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG