Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баі пад Данецкам — украінскаму войску ўдалося прарваць атачэньне


Пажар пасьля абстрэлаў Мар'інкі, 3 чэрвеня 2015 году
Пажар пасьля абстрэлаў Мар'інкі, 3 чэрвеня 2015 году

Украінскія вайскоўцы ў данецкім прыгарадзе Мар’інка заяўляюць пра выкарыстаньне сэпаратыстамі «Градаў» і дзясяткі параненых за дзень баёў. У той жа час яны запэўніваюць, што далей кантралююць горад.

Мар’інка, якая месьціцца на заходніх ускраінах Данецку, стала цэнтрам супрацьстаяньня ў зоне АТА. Маштабныя баі пачаліся ўначы і працягваліся ўвесь дзень. Нягледзячы на ўмовы менскіх дамоўленасьцяў, паводле інфармацыі ўкраінскіх сілавікоў, сэпаратысты ўжылі рэактыўныя сыстэмы залпавага агню «Град». Прадстаўнікі ўкраінскага Генштабу прызналі, што з-за наступу баевікоў стралялі ў адказ з раней адведзенай артылерыі. Дакладнай інфармацыі пра забітых і параненых пакуль няма, аднак, як адзначаюць сілавікі, яны ёсьць як сярод вайскоўцаў, так і сярод мірнага насельніцтва.

Бой у Мар’інцы пачаўся ў сераду каля чатырох раніцы. Тады абарону ў горадзе трымала дваццаць восьмая асобная мэханізаваная брыгада з Адэсы. Паводле інфармацыі Генштабу, у атаку сэпаратысты кінулі танкі, пяхоту і самаходную артылерыю.

Паводле інфармацыі валянтэра Аксаны Аляксеевай, якая дапамагае брыгадзе, колькасьць ахвяраў пакуль невядомая, паколькі з Мар’інкай няма стабільнай сувязі. На яе думку, яе мэтанакіравана блякуюць, таму што раней перабояў сувязі не было.

«Ёсьць параненыя і сярод мясцовых жыхароў, ёсьць і сярод нашых хлопцаў. Колькасьць — казаць цяжка, пакуль працягваецца бой. Мы звычайна не загадваем, таму што гэта дрэнная прыкмета. У асноўным раненьні аскепкавыя. Спачатку іх вязуць у шпіталь у Курахаве, а адтуль, у залежнасьці ад сур’ёзнасьці раненьняў, або ў Днепрапятроўск, або ў Запарожжа», — распавяла валянтэр.

Байцы 28-й брыгады патрапілі ў атачэньне — камбат «Кіеў-1»

Падчас ранішняга бою вайскоўцы трапілі ў акружэньне, заяўляе камандзір батальёна «Кіеў-1» Вадзім Лісьнічук. Ён кажа, што менавіта таму яго падразьдзяленьне было накіраванае ў Мар’інку, дзе супольна з байцамі 28-й брыгады здолела разарваць атачэньне.

Пасьля гэтага частка байцоў пакінула пазыцыі, каб пазьбегнуць паўторнага атачэньня. Зрэшты, Узброеныя сілы захоўваюць кантроль за населеным пунктам.

Лісьнічук адмовіўся называць дакладныя лічбы параненых, аднак пацьвердзіў, што іх ня менш за трыццаць. Ёсьць таксама і загінулыя.

«Хлопцы з „Кіева-1“ пад’ехалі на дапамогу і таксама аўтаматычна патрапілі ў кола, таму што, калі заяжджалі, то праход быў адкрыты, а выехаць ўжо не маглі. Разам з памежнікамі і 28-й вялі бой. Ён доўжыўся 8:00. Пасьля заканчэньня была магчымасьць выйсьці з атачэньня», — распавёў камбат.

Атака на Мар’інку — гэта бязглузьдзіца — Басурын

У сваю чаргу, сэпаратысты абвяргаюць абвінавачваньні ў парушэньні менскіх дамоўленасьцяў і называюць іх «чарговай хлусьнёй ўкраінскай улады». «Намесьнік камандуючага корпуса Мінабароны» групоўкі «ДНР» Эдуард Басурын заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы абстралялі жылыя раёны Данецку.

«Мне ўжо тэлефанавалі і цікавіліся лічбамі, нібыта 60 танкаў ідуць у напрамку Марі’нкі і што калёнамі тысяча чалавек ідзе захопліваць Мар’інку. Гэта бязглузьдзіца. Яшчэ раз падкрэсьліваю: мы — прыхільнікі менскіх дамоўленасьцяў. У Менску сказана: вырашыць пытаньне мірам, мы і спрабуем яго вырашыць мірам», — заявіў Басурын.

Увечары 3 чэрвеня сытуацыя паблізу населеных пунктаў Мар’інка і Краснагораўка стабілізавалася. У прэс-цэнтры штаба АТА паведамілі, што ўкраінскія вайскоўцы працягваюць знаходзіцца на сваіх пазыцыях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG