Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курбыка пра Блатэра: Праз 4 дні пасьля выбараў заявіць, што стаміўся, — гэта сьмеху варта


Прэзыдэнт ФІФА Ёзэф Блатэр пакідае праз "чорны ход" прэс-канфэрэнцыю ў Цюрыху, на якой ён абвясьціў пра сваю хуткую адстаўку, 2 чэрвеня 2015 году
Прэзыдэнт ФІФА Ёзэф Блатэр пакідае праз "чорны ход" прэс-канфэрэнцыю ў Цюрыху, на якой ён абвясьціў пра сваю хуткую адстаўку, 2 чэрвеня 2015 году

Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі футболу Ёзаф Блатэр на экстранай прэс-канфэрэнцыі ў Цюрыху зрабіў заяву пра хуткую адстаўку.

Гэта здарылася ўсяго праз чатыры дні пасьля перамогі на выбарах кіраўніка арганізацыі. Швайцарац, які ўзначальвае ФІФА ад 1998 году, абяцае склікаць пазачарговы кангрэс, на якім яму абяруць пераемніка, у першым квартале наступнага году. Да таго часу цяперашні прэзыдэнт будзе выконваць свае абавязкі.

Блатэра пераабралі на пяты тэрмін літаральна празь некалькі дзён пасьля арыштаў высокапастаўленых функцыянэраў арганізацыі на запатрабаваньне ЗША. Паралельна сваё расьсьледаваньне распачалі і ў Швайцарыі. Функцыянэрам ФІФА выстаўленыя абвінавачваньні ў хабарніцтве пры выбары месцаў правядзеньня сусьветных першынстваў па футболе, у махінацыях з заключэньнем маркетынгавых зьдзелак і продажу права на трансьляцыі матчаў. Пракуратура Швайцарыі зазначае, што расьсьледаваньня ў дачыненьні да Блатэра не распачынала, але ёсьць зьвесткі, што такую справу вядзе ФБР ЗША.

Што магло так радыкальна зьмяніць пазыцыю Блатэра літаральна праз пару дзён пасьля заходу на чарговы тэрмін? Намесьнік старшыні Фэдэрацыі футболу Беларусі, вядомы ў мінулым варатар менскага «Дынама» Юры Курбыка лічыць, што прычыны для гэтага павінны быць надта важкія:

«Я даведаўся ўчора, адразу ж затэлефанаваў Сафар’яну (першы намесьнік старшыні фэдэрацыі. — РС). Ён таксама мяркуе, што нейкая сытуацыя яго прымусіла гэта зрабіць — у прынцыпе, тое, што і мы з вамі можам дапусьціць. Бясспрэчна, нешта вымусіла яго пайсьці на гэты крок, таму што аб’ектыўна само па сабе рашэньне нестандартнае. Бо калі б нейкая гіпатэтычная зьдзелка з правасудзьдзем была раней, то ён яшчэ перад выбарамі ён зьняў бы сваю кандыдатуру, сказаў бы, што стаміўся, сыходжу. І гэта выглядала б прыгожа.

Але выйграць выбары і ўжо праз чатыры дні заявіць, што стаміўся, а такую сур’ёзную кампанію правёў выключна для вас, — дык гэта сьмеху варта, згодныя? Думаю, у гэта асабліва ніхто ня верыць. Таму давайце набяромся цярпеньня, мне і самому гэта вельмі цікава. Пакуль што зьдзейсьніўся факт. Якія абставіны прымусілі прыняць такое рашэньне — я нават не варажу і не здагадваюся, трэба толькі чакаць. Бо, калі разважаць цьвяроза, проста так падобныя крокі ня робяцца. Але каб зразумець, адкуль ногі растуць, трэба патрываць. Таму давайце лепш чакаць фіналу Лігі чэмпіёнаў, а пра Блатэра раней ці пазьней усё даведаемся. Прынамсі, ужо ведаем, што яго праз пэўны час ня будзе».

Перад ад’ездам у Цюрых першы намесьнік старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Сафар’ян праанансаваў, што беларуская дэлегацыя на выбарах прэзыдэнта ФІФА будзе галасаваць за апанэнта Блатэра, прынца Ярданіі Алі. Пры тым, што напярэдадні працэдуры прэзыдэнт УЭФА Мішэль Плаціні заручыўся падтрымкай рэгіянальных асацыяцыяў, ёсьць зьвесткі, што паўтара дзясятка эўрапейскіх прадстаўнікоў аддалі галасы за швайцарца. Цікаўлюся ў Юры Курбыкі: ці не зьмяніла ў апошні момант сваю пазыцыю Беларусь?

«Ведаеце, я на выбары ня езьдзіў, таму, у прынцыпе, такія пытаньні не да мяне — альбо да старшыні фэдэрацыі Сяргея Румаса, альбо да Сяргея Сафар’яна. Вось яны езьдзілі, яны галасавалі. Галасаваньне было таемнае, таму ня ў курсе. У прынцыпе, я такіх пытаньняў ім не задаваў, а яны мне не расказвалі. А тэхналёгія цалкам празрыстая: у кожнай краіны ёсьць свой голас, і Беларусь у ліку 209 чальцоў галасавала. У кожнага свая галава на плячах, і кожны самастойна вырашае. І калі гэта пазыцыя агульная ўсіх эўрапейскіх краінаў — гэта адно. Калі паасобку — справа іншая. Але ж вы паглядзіце: пры ўсіх нібыта салідарных момантах галасаваньне было індывідуальнае, і ня ўсе дзейнічалі згодна з папярэднімі дамоўленасьцямі.

Ніхто ж не разгалошвае, хто за каго канкрэтна галасаваў, гэта журналісты са спасылкай на нейкія крыніцы мяркуюць. Больш-менш канкрэтна можна сьцьвярджаць, што за Блатэра галасавалі Расея ды Гішпанія. Як іншыя — невядома. Гэта ж ня тое, што да цябе прыйшлі, далі пад адно месца — ідзі галасуй за таго ці іншага. Ва УЭФА, наколькі я ведаю, усё досыць дэмакратычна. Калі ёсьць нейкая пазыцыя — прапануюць увайсьці ў альянс ці застацца пры сваім, то бок сам далей думай, патрэбна табе гэта ці непатрэбна. Ніхто ні на кога ня цісьне, гэта абсалютна пэўна».

Ускосна на прычыны, якія падштурхнулі Ёзафа Блатэра да хуткай адстаўкі пасьля перавыбараў, намякнуў дарадца прэзыдэнта ФІФА Вальтэр Гаг. У інтэрвію швайцарскім журналістам спартовы функцыянэр расказаў, што ў панядзелак ён меў сумесны ланч з Блатэрам, той быў у добрым гуморы, расслаблены, усё ў поўным парадку. Нічога не намякала на праблемы нават у аўторак раніцай.

«Але потым з ЗША прыйшла інфармацыя...», — загадкава заключыў Гаг, не даючы ніякіх падрабязнасьцяў наконт зьместу дакумэнтаў, якія маглі так рэзка зьмяніць настрой Блатэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG