Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор патрабуе 25 гадоў для жыхаркі Менску, якая забіла свайго сына


Будынак Менскага гарадзкога суду
Будынак Менскага гарадзкога суду

У гучным працэсе ў Менскім гарадзкім судзе аб забойстве дзіцяці адбыліся спрэчкі бакоў.

Дзяржаўны абвінаваўца, старшы пракурор аддзела пракуратуры Менску Алеся Мінец, папрасіла суд прысудзіць жыхарку Менску, якая забіла свайго трохгадовага сына, да 25 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Жанчыне прад’яўленае абвінавачваньне ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага п. 2 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу (забойства заведама малалетняга, які знаходзіцца ў бездапаможным стане).

Прадстаўніца пракуратуры ўпэўненая, што абвінавачаная ня каецца ў зьдзейсьненым злачынстве, віна яе даказаная ў поўным аб’ёме. Абставінаў, якія б зьмякчалі віну, няма. Абцяжарвае віну тое, што злачынства зьдзейсьненае ў стане алькагольнага ап’яненьня.

34-гадовая жыхарка Менску, якая раней неаднаразова рабіла спробы самагубства з-за жыцьцёвых праблемаў, 28 студзеня гэтага году скінула з 12-га паверха свайго трохгадовага сына, а ўчыніць самазабойства, як мела намер першапачаткова, не наважылася. Перад гэтым яна спажывала алькаголь і напаіла хлопчыка. Прычым калі ў маці было 1,4 праміле алькаголю, то ў сына — 1,9. З агульнага балькона пад’езда жанчына скінула хлопчыка, які спаў. Матывам такіх дзеяньняў абвінавачаная назвала цяжкае матэрыяльнае становішча, немагчымасьць вярнуць пазыку сяброўцы.

Гэтую пазыцыю дзяржабвінаваўца расцаніла як абраны спосаб абароны, каб зьмякчыць пакараньне за ўчыненае злачынства. Пры гэтым Алеся Мінец адзначыла, што абвінавачаная нават не рабіла спробаў вярнуць пазыку сяброўцы, маючы для гэтага магчымасьці, не хацела працаваць, а аддавала перавагу сядзець зь дзіцём на бальнічным.

Згодна з заключэньнем псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы, абвінавачаная не пакутуе на псыхічныя разлады і ў прамежак часу, які адносіцца да інкрымінаваных ёй дзеяньняў, у часовым хваравітым стане псыхікі ці стане афэкту не знаходзілася. Яна магла ўсьведамляць фактычны характар, грамадзкую небясьпеку, значэньне сваіх дзеяньняў і кіраваць імі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG