Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь не зьдзівіла «Эўравізію»


Eurovision-2015
Eurovision-2015

У навінах тэлеканалу «Беларусь 1» выступ Uzari & Maimuna назвалі «больш чым дастойным».

У навінах тэлеканалу «Беларусь 1» выступ Uzari & Maimuna назвалі «больш чым дастойным». Але, як і большасьць ранейшых прадстаўнікоў Беларусі, сярод якіх былі Анжаліка Агурбаш, Руслан Аляхно, Паліна Смолава і Пётар Ялфімаў, беларускі дуэт ня ўзяў тую плянку, якая дазваляе працягнуць змаганьне ў фінале конкурсу.

Чаго не хапіла Uzari & Maimuna, каб трапіць у фінал «Эўравізіі»? Чаму, нягледзячы на спрыяньне з боку дзяржавы і вельмі сур’ёзнае стаўленьне да падрыхтоўкі, беларусы не дасягаюць посьпехаў на эўрапейскім конкурсе эстрады? Пра гэта Радыё Свабода пагаварыла зь беларускімі музыкамі.

Граем прадказальную музыку

Фронтмэн гурту «Рэха» Андрусь Такінданг лічыць, што няўдачы ў беларусаў на «Эўравізіі» здараюцца праз тое, што ў краіне занадта сур’ёзна ставяцца да гэтага конкурсу, і таму выканаўцы вельмі імкнуцца «прафэсійна выканаць нумар». Што да беларускай эстраднай музыкі, то, паводле Андруся Такінданга, мы адстаем ад сусьветнай моды гады на чатыры:

Андрусь Такінданг
Андрусь Такінданг

«Паводле стылістыкі нумароў, зь якімі Беларусь езьдзіць на „Эўравізію“, нашы выканаўцы адстаюць ад сусьветных музычных тэндэнцыяў. Учорашні выступ Uzari & Maimuna быў бы пасьпяховы чатыры гады таму. А цяпер ужо патрэбныя правакацыя, фрыкі і неардынарнасьць. Проста добра выканаць песьню — недастаткова. Публіка наелася фарматнай эстраднай музыкі і хоча андэграўнду. Мы ж проста выканалі дабротна зроблены музычны твор. Але, на жаль, не зьдзівілі эўрапейскую публіку. Я б таксама сказаў, што беларусам не хапае самаіроніі і лёгкасьці. Над беларускімі эстраднымі выканаўцамі вісіць цяжар таго, што абавязкова трэба вельмі крута выступіць. Адсюль надзвычай, нават задужа адказнае стаўленьне. Трэба спакайней ставіцца да гэтага конкурсу. Калі глядзіш выступы эўрапейцаў, то разумееш — людзі прыехалі не паказаць свой прафэсіяналізм, а проста павесяліцца. А мы ставімся вельмі сур’ёзна».

Музыка лічыць, што Беларусь павінна рабіць стаўку не на прафэсіяналізм эстраднай музыкі, а на лёгкасьць андэграўнднай. Магчыма, менавіта гэтым можна «ўзяць» эўрапейскага гледача:

«У Беларусі ёсьць калектывы, якія працуюць у сфэры неэстраднай музыкі. Я б назваў гурт „Серебряная свадьба“ і Паліну Рэспубліку — гэта пасьпяховыя музыкі, якія могуць зьдзівіць. Іншая справа, што яны не імкнуцца да ўдзелу ў „Эўравізіі“. Замест гэтага едуць прафэсійныя музыкі, якія выконваюць прадказальную музыку. Плюс да гэтага, у нас ёсьць спэцыялісты, якія аналізуюць сусьветныя тэндэнцыі і арыентуюць на іх выканаўцаў. Але ў выніку атрымліваецца, што мы робім тое, што ўжо было зроблена. Трэба зьнізіць градус гістэрыі з нагоды „Эўравізіі“ і прапаноўваць нечаканыя хады — таго ж Зьмітра Вайцюшкевіча, напрыклад. Трэба зразумець, што беларуская музычная культура больш моцная сваім андэграўндным бокам, а не тэлевізійнай эстрадай».

Андрусь Такінданг таксама адзначыў, што ў тэхнічным пляне выступ Uzari & Maimuna быў прафэсійны і што яму не было сорамна за беларусаў.

Сьпяваем чужое пад кальку, не паважаем уласную культуру

Не засмуцілі беларускія канкурсанты і сьпевака Зьмітра Вайцюшкевіча. Ён адзначыў, што Uzari & Maimuna «мілыя і сымпатычныя, нэгатыву ніякага ня выклікалі».

Але для таго, каб дасягнуць посьпеху на «Эўравізіі», недастаткова на працягу году актыўна рыхтавацца, укладаючы немалыя сродкі ў выступ, лічыць Зьміцер Вайцюшкевіч. Патрэбны багаты культурны бэкграўнд, з улікам якога краіна можа стаць наватарам у музычнай модзе:

Зьміцер Вайцюшкевіч
Зьміцер Вайцюшкевіч

«Беларусь па-за індустрыяй сусьветных музычных тэндэнцыяў. Мы робім кальку з расейскай эстрады, якая, у сваю чаргу, робіць кальку з эўрапейскай і амэрыканскай. На прыкладзе чарговай няўдачы на конкурсе мы бачым, што ўкладзеныя грошы і замоўлены лепшы кампазытар не гарантуюць посьпеху. Што рабіць, каб перамагаць? Трэба, каб былі створаныя ўмовы: каб не забаранялі беларускіх музыкаў, каб у Беларусі можна было сьпяваць па-беларуску. Гэтыя рэчы падаюцца далёкімі ад „Эўравізіі“, але гэта надзвычай важна. Працэсы, якія адбываюцца ў культуры, нельга сплянаваць за год да конкурсу. Культуру трэба разглядаць як доўгі праект, які разьвіваецца дзесяцігодзьдзямі. Напрыклад, швэды зразумелі гэта яшчэ ў 60-я гады, і вынікі гэтага працуюць да сёньня: гэтая нацыя — заканадаўца практычна ўсёй эўрапейскай музычнай моды, а таксама ўпэўнена адчувае сябе на амэрыканскім рынку. Каб канкураваць з эўрапейскімі краінамі, нам трэба ўважлівей ставіцца да сваёй культуры».

Ствараем «пад Эўравізію» штучныя праекты, якія не кранаюць

Беларуская сьпявачка Паліна Рэспубліка кажа, што праекты, якія рыхтуе Беларусь на «Эўравізію», — гэта штучна створаныя заводзкія музыкі, якія не кранаюць гледачоў:

Сьпявачка Паліна Рэспубліка
Сьпявачка Паліна Рэспубліка

«Мы не спрабуем адправіць цэльнага выканаўцу. Такое адчуваньне, што беларусы імкнуцца да састарэлых і да таго ж не сваіх тэндэнцыяў: каб песьня была падобная да нечага аднаго пасьпяховага, каб зьнешнасьць выканаўцаў была падобная да іншых пасьпяховых, а пастаноўка нумару — да нечага трэцяга. Атрымліваецца няцэльна і нязладжана, а такое складана ўспрымаць. Атрымліваецца штучна зьлеплены праект, заводзкі варыянт. Проста не кранае. А посьпех на „Эўрабачаньні“ залежыць ад таго, ці зможа выканаўца закрануць слухача і гледача».

Першы паўфінал «Эўравізіі» завяршыўся ў аўторак позна ўвечары.

На сцэне венскай канцэртнай залі «Вінэр Штатгальле» выступілі прадстаўнікі 16 краін-удзельніц: Малдовы, Армэніі, Бэльгіі, Нідэрляндаў, Фінляндыі, Грэцыі, Эстоніі, Македоніі, Сэрбіі, Вугоршчыны, Беларусі, Расеі, Даніі, Альбаніі, Румыніі і Грузіі.

У фінал «Эўравізіі», які адбудзецца 23 траўня, апроч прадстаўнікоў Беларусі, не прайшлі Малдова, Нідэрлянды, Фінляндыя, Македонія і Данія.

Беларусь бярэ ўдзел у конкурсе «Эўравізія» з 2004 году. Толькі чатыры разы нашы выканаўцы траплялі ў фінал. Самым пасьпяховым беларускім канкурсантам застаецца Дзьмітры Калдун — у фінале «Эўравізіі» 2007 году ён заняў 6-е месца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG