Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Сяргей Прылуцкі


Сяргей Прылуцкі
Сяргей Прылуцкі

Сяргей Прылуцкі (Пістончык) нарадзіўся ў 1980 у Берасьці. Аўтар кнігі вершаў «Дзевяностыя forever» (2008), кнігі дэгенэратыўнай прозы «Йопыты дзьвух маладых нелюдзяў» (пад псеўданімам Сірошка Пістончык у суаўтарстве з Уласікам Смаркачом, 2009). Перакладае з украінскай, польскай і ангельскай моваў. У 2014 выйшла кніга вершаў «Герой эпохі стабільнасьці» і кніга Пістончыка «Дэгенератыўны слоўнік».

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Ніколі ня мог з упэўненасьцю адказаць на гэтае пытаньне. Мабыць, таму, што яно адначасна і дурацкае, і мэтафізычнае.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Уначы дома і ў маршрутцы ці ў мэтро ўдзень.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Гашакаўскага «Швэйка» або «Гарганцюа і Пантагруэля» Рабле – уяўляю як іх каўбасіла падчас напісаньня. З сучасных, мабыць, «Кіслотны дом» Уэлша (тут ужо цяжка сказаць, ці каўбасіла аўтара, а калі каўбасіла, то ад чаго).

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Карлсан – вялікі аматар падурыцца, бутэрбродаў з тлустай каўбасой і пажартаваць.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Ніколі ня мог назваць найулюбёнейшага пісьменьніка, бо кандыдатуры на гэтае месца пэрыядычна мяняюцца. Зараз гэта, напэўна, Гашак. Год назад я, мабыць, назваў бы Эміля Чарана з Джані Радары.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Як заўсёды, паралельна некалькі кніжак: Аляксандар Кабанаў «Волхвы в планетарии»; Земавіт Шчэрэк «Прыйдзе Мордар і нас зьесьць»; Сяргей Пясэцкі «Роўныя начным багам».

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На ўкраінскай, польскай, вельмі марудна і са слоўнікам – на ангельскай.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Кніга хуліганскіх дзіцячых вершаў, якая яшчэ ня выйшла, пад рабочай назвай «Далоў дарослых».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Тую, якую хачу – пішу зараз. Там такая сабе сумесь праўды жыцьця, зомбі-апакаліпсіса і іроніі. Прынамсі, агульная задума такая.​

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі падарожнічаю з купай ідэй у галаве.

***


Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы вырашылі пачаць яе ад “шорт- і лонг-лістараў“ сёлетняй прэміі імя Гедройця, паколькі ўсе яны цяпер на слыху. Але з часам мяркуем прапанаваць гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG