Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канчыта: «Не сэксуальная арыентацыя стварае асобу»


Канчыта
Канчыта

Пераможца леташняга «Эўрабачаньня», аўстрыйская сьпявачка Канчыта распавяла ў інтэрвію расейскай службе Радыё Свабода пра гэты конкурс, пра сваё стаўленьне да расейскай ЛГБТ-супольнасьці і пра ўласныя правілы жыцьця.

Сцэнічны вобраз барадатай сьпявачкі, створаны маладым аўстрыйскім артыстам Томам Нойвіртам, адкрытым геем, ўразіў многіх расейскіх адэптаў маральнасьці, дазволіўшы ім зрабіць глыбокія высновы аб стане справаў у Эўропе.

У Вене напярэдадні конкурсу «Эўрабачаньне» была прыдуманая акцыя, якая заклікае да талерантнасьці. На некалькіх сьветлафорах фігуркі пешаходаў былі заменены на пары, як гетэра-, так і гомасэксуальныя.

Калі Канчыта паўтара году таму была абраная, каб прадстаўляць Аўстрыю на «Эўрабачаньні», у гэтага рашэньня ў краіне знайшліся крытыкі. Супраць яе ўдзелу ў конкурсе нават зьбіралі подпісы.

Тады ў інтэрвію Радыё Свабода Том Нойвірт заявіў, што мэтай удзелу ў конкурсе было дапамагчы распаўсюду талерантнасьці. Нойвірт, які вырас у маленькім аўстрыйскім мястэчку і падвяргаўся зьдзекам, сказаў у тым інтэрвію, што спадзяецца, што яго слава дапаможа іншым дзецям адчуваць сябе менш скаванымі ўмоўнасьцямі.

Незадоўга да сёлетняга «Эўрабачаньня», Канчыта, якая толькі што выдала новы самотнік You are unstoppable, зноў пагутарыла з Радыё Свабода.

— Я думаю, канцэпцыя «Эўрабачаньня» выдатная, кожнаму дадзеная свабода дзеяньняў на сцэне, каб найлепшым спосабам праявіць сябе. Гэта цудоўная пазыцыя, што мы ўсе аб’яднаныя любоўю да музыкі, мы павінны сканцэнтравацца на ёй, паважаючы адзін аднаго, даючы кожнаму жыць так, як яму хочацца.

Было б выдатна, калі б у Расеі больш людзей думалі падобна таму, як думаюць тут, у цэнтры Эўропы. Мне здаецца, мноства людзей не разумеюць ці блытаюць: не сэксуальная арыентацыя стварае асобу. І мы павінны засяродзіцца на асобе, на чалавеку. Для мяне лепшае грамадзтва — тое, дзе не давядзецца гаварыць пра сэксуальную арыентацыю, колеры скуры, рэлігійныя перакананьні, месца нараджэньня і падобныя рэчы. Для мяне самым лепшым было б канцэнтравацца толькі на асобе, на чалавеку. І гэта нешта, што людзі схільныя забываць.

У мяне ёсьць пасланьне да ЛГБТ-супольнасьці ў Расеі: вы ніколі не павінны забываць, што ёсьць супольнасьць, якая падтрымлівае вас. І калі вам давядзецца па нейкай прычыне скіравацца куды-небудзь, таму што вы хочаце жыць мірна і вольна, ведайце, ёсьць людзі, якія падтрымаюць вас. Я буду рабіць усё магчымае, каб выказваць сваё меркаваньне, і спадзяюся, што людзі, якія валодаюць вялікім уплывам, нешта зьменяць. І, урэшце, я веру, стане лепш.

— Мае бацькі выгадавалі мяне ў простых правілах: «Паважай іншых і не рабі ім боль, а ўсё астатняе — табе вырашаць». Я так жыву. У музыцы — тое ж самае. У мяне вельмі разнастайны, яскравы альбом. Я не прытрымлівалася ніякіх правілаў пры яго стварэньні. Дакладней, толькі адным — забаўляць сябе, каб падабаліся песьні, якія я сьпяваю, і спадзявацца, што яны пацешаць як мага больш людзей. І я спадзяюся, што маім прыхільнікам у Расеі ён спадабаецца гэтак жа, як мне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG