Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28-гадовы будаўнік стварыў онлайн-сховішча беларускай культуры


Максім Умецкі
Максім Умецкі

У «Мэдыятэцы» — 3800 беларускіх песень і 1100 фільмаў на беларускай мове.

Новы сайт курсаў беларускай мовы «Мова нанова» ствараўся такім чынам, каб, як кажа лідэр ініцыятывы Глеб Лабадзенка, «быць раем для беларускамоўнага чалавека». Тут ужо працуе дошка бясплатных прыватных аб’яваў, крама, дзе можна набыць рэчы з нацыянальнай сымболікай, афіша беларускіх музыкаў. Таксама на сайце: інфармацыя пра зьніжкі на тавары і паслугі для беларускамоўных кліентаў, хуткая моўная дапамога, юрыдычная даведка для абароны моўных правоў.

«Людзі прыходзяць на курсы, а пасьля запытваюцца, што ім рабіць далей, каб карыстацца беларускай мовай. Мы раней раілі безьліч сайтаў, дзе можна ці то пачытаць, ці то паслухаць, ці то запісацца на экскурсію. Але гэта было нязручна. Цяпер мы зразумелі, што павінны сабраць усё беларускае разам. Такая новая канцэпцыя сайту „Мова нанова“. А „Мэдыятэка“ — важная яго частка, дзе сабраная беларуская культура — музыка, кнігі, фільмы, перадачы», — кажа Глеб Лабадзенка.

Сталы наведнік курсаў «Мова нанова», 28-гадовы будаўнік зь Менску Максім Умецкі — аўтар ідэі і стваральнік «Мэдыятэкі». Кажа, што вырашыў сабраць беларускамоўны кантэнт у адно месца, бо раней траціў шмат часу на пошукі беларускай музыкі.

«Гэта для таго, каб той, хто шукае беларускую музыку ці фільм пра выбітнага земляка, ня траціў гадзіны на пошукі праз торэнты і розныя нязручныя спасылкі, а проста зайшоў на сайт, на якім ужо ўсё ёсьць», — распавёў Максім Радыё Свабода.

Скрыншот з сайту "Мова нанова", разьдзел «Мэдыятэка», створаны Максімам Умецкім
Скрыншот з сайту "Мова нанова", разьдзел «Мэдыятэка», створаны Максімам Умецкім

У аўдыёчастцы мэдыятэкі 3800 трэкаў — гэта песьні больш як 50 беларускіх выканаўцаў, а таксама аўдыёкнігі.

У відэаразьдзеле — тэлевэрсія курсаў «Мова нанова», цыкль асьветніцкіх праграм тэлеканала Белсат «Гісторыя пад знакам пагоні», відэанататкі «Падарожжы дылетанта», беларускія дакумэнтальныя і мастацкія фільмы, сярод якіх «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Тутэйшыя», «Чужая бацькаўшчына», «Людзі на балоце», «Акупацыя Містэрыі», «Маці ўрагану», «Праклятыя і забытыя», «Грунвальд», а таксама замежныя фільмы і мульцікі з прафэсійным беларускім перакладам. Ёсьць таксама відэавэрсіі канцэртаў і запісы спэктакляў. Тут жа дакумэнтальныя фільмы пра знакамітых беларусаў — Адама Міцкевіча, Ігната Дамейку, Янку Купалу, Якуба Коласа, Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Рыгора Барадуліна.

«Я адсочваю ўсё беларускае, што ёсьць у свабодным доступе онлайн, пампую і дадаю на сайт „Мова нанова“, каб уся беларуская спадчына знаходзілася ў адным месцы», — распавядае Максім Умецкі.

Як адзначае стваральнік «Мэдыятэкі», пытаньня пра аўтарскія правы пакуль не паўставала, але гэта і малаверагодна — на сайт трапляюць толькі тыя файлы, якія ўжо і так ёсьць у сеціве. Хлопец плянуе, што ўсяго ў «Мэдыятэцы» будзе 10 тысяч аўдыё- і 2 тысячы відэазапісаў.

Каардынатар курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка лічыць, што з дапамогай «Мэдыятэкі» колькасьць спажыўцоў беларускамоўнага культурнага прадукту ўзрасьце — цяпер яго будзе прасьцей шукаць у сеціве:

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

«Мы сутыкнуліся на курсах „Мова нанова для дзетак“ з такой сытуацыяй: калі шукаеш мульцікі па-беларуску, то пашукавікі на запыт „мульцікі па-беларуску“ нічога не знаходзяць, ці знаходзяць вельмі мала. А пасьля аказваецца, што яны ўсё ж ёсьць у інтэрнэце, але называюцца, напрыклад, „Піліпка“. І, ня ведаючы канкрэтную назву твора, чалавек ніколі ня знойдзе гэты мульцік. Дык вось мы вырашылі, што ўсё беларускамоўнае павінна быць у адным месцы. Выдатна, што наш студэнт зрабіў такую працу, прычым ня проста сабраў матэрыялы, а падзяліў на тэмы і клясыфікаваў. Трэба імкнуцца, каб карыстацца беларускім было як мага прасьцей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG