Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў назваў Джахара Царнаева, асуджанага да сьмяротнага пакараньня за тэракт на фінішы Бостанскага марафону, ахвярай амэрыканскіх спэцслужбаў.
Пра гэта Кадыраў напісаў у сваім Instagram. Паводле Кадырава, «ён ня верыць, што Царнаевы бязь ведама спэцслужбаў ЗША зьдзейсьнілі гэты тэракт, калі яны яго і зьдзейсьнілі. Амэрыканскім спэцслужбам, якіх абвінавачвалі ў датычнасьці да бостанскай трагедыі, патрэбна была ахвяра. Ім у ахвяру прынесьлі Царнаева», напісаў ён.
Кадыраў адзначыў, што пасьля гібелі Тамэрлана Царнаева «пры вельмі дзіўных абставінах» і забойства Ібрагіма Тодашава на допыце, «за кратамі застаўся адзін Джахар Царнаеў, і яму пасьпешліва выставілі абвінавачаньне паводле трох дзясяткаў артыкулаў».
15 траўня калегія прысяжных у Бостане пастанавіла, што Джахар Царнаеў павінны быць асуджаны на сьмяротнае пакараньне.
Браты Царнаевы — Джахар і Тамэрлан — абвінавачаныя ў зьдзяйсьненьні тэракту на марафоне ў Бостане 15 красавіка 2013 году. Яго ахвярамі сталі тры чалавекі, больш за 260 атрымалі раненьні.