Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы адвакат Сапелка: Падарункамі амністыяў дзяржава падмяніла сыстэму датэрміновага вызваленьня


13 траўня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла ў першым і другім чытаньні законапраект аб амністыі ў сувязі з 70-мі ўгодкамі Перамогі. Паводле міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, калі закон аб амністыі ўступіць у сілу, ён распаўсюдзіцца на 8600 асуджаных, у тым ліку 2,2 тысячы зь іх выйдуць на волю зь месцаў зьняволеньня. Ці будуць сярод іх палітвязьні?

Беларускія праваабаронцы лічаць палітвязьнямі Мікалая Статкевіча, Юрыя Рубцова, Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенку.

Былы адвакат, праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка мяркуе, што нікому зь іх на вызваленьне паводле амністыі разьлічваць не выпадае.

Ніхто зь іх ня выйдзе на волю па гэтай амністыі, бо яны лічацца асобамі, якія злосна парушаюць парадак адбыцьця пакараньня. Статкевіча з гэтай прычыны зноў зьмясьцілі ў турму, Дзядку павялічылі на год тэрмін, Аліневіча часта караюць карцэрам, Пракапенку нядаўна адмовілі ў амністыі, то бок ён таксама ў ліку злосных парушальнікаў. Адзіны, пра каго з пэўнасьцю не магу сказаць, гэта Яўген Васьковіч. Летась яго перавялі ў калёнію з турмы, нядаўна зь ім сустракаліся бацькі. Тут сытуацыя для мяне няпэўная.

Ці можа разьлічваць на амністыю былы праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства?

Тут залежыць ад таго, ці мае ён парушэньні рэжыму адбыцьця пакараньня. Калі іх няма ці яны ў суме не складаюць падставы для залічэньня яго ў злосныя парушальнікі, тады ў нейкай форме да яго могуць ужыць амністыю. Тое, што ён знаходзіўся і цяпер знаходзіцца ў карцэры, паводле нашых зьвестак, адбываецца не за парушэньне, а па ягонай заяве. Гэта адносна яго мера бясьпекі. Тады ён можа разьлічваць на зьмяншэньне на год тэрміну. Але каб сказаць дакладна, трэба глядзець ягоную справу.

У баранавіцкім сьледчым ізалятары другі месяц трымае галадоўку пратэсту «хімік» Юры Рубцоў, які цяпер зноў пад сьледзтвам. Чаму яму ня варта разьлічваць на амністыю хаця б у першай справе, за якую ён атрымаў «хімію»?

Бо паводле сьледзтва ён парушаў парадак адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі, а за гэта амністыі не прадугледжана.

Хто зь фігурантаў гучных эканамічных і карупцыйных спраў можа разьлічваць на амністыю? Вось адвакат экс-гендырэктара «Барысаўдрэва» Мальцава ўжо сказаў, што ягоны падабаронны можа разьлічваць на амністыю. Як зь фігурантамі іншых гучных спраў?

«Вясна» не адсочвае лёсы фігурантаў спраў, якія мы не вызначаем як палітычна матываваныя. Але збольшага ўсё залежыць ад таго, як асуджаны адбывае пакараньне. Калі не атрымаў пакараньняў падчас адбыцьця, то амністыя будзе ўжытая. Зразумела, амністыя ня тычыцца некаторых злачынстваў увогуле. Прыкладам, пад яе не падпадаюць забойствы з абставінамі, якія лічацца абцяжваючымі. Што да карупцыянэраў, то як былы адвакат я адсочваю некаторыя справы. Імаверна, дзьве асуджаныя нядаўна за хабарніцтва супрацоўніцы Міністэрства юстыцыі (начальніца ўправы ліцэнзаваньня і яе намесьніца) могуць разьлічваць на тое, што ім па году здымуць з тэрміну. Бо яны, хутчэй за ўсё, не пачалі адбываць пакараньне і, адпаведна, не парушылі парадку яго адбыцьця.

Як вы ўвогуле пракамэнтуеце закон аб амністыі?

Збольшага гэты закон ідэнтычны папярэдняму, зь невялікімі зьменамі. Гэтыя зьмены накіраваныя перш за ўсё на тое, каб выціснуць зь вязьняў выкананьне фінансавых абавязкаў, то бок кампэнсацыю стратаў. Часьцей за ўсё гэта кладзецца не на асуджанага, а на ягоных сваякоў.

Мяркую, законы аб амністыі — гэта крыху ня тое, што трэба пэнітэнцыярнай сыстэме Беларусі. Ёй трэба зразумелая і празрыстая сыстэма датэрміновага вызваленьня, якая найперш залежыць ад паводзінаў зьняволенага і ягонага выпраўленьня. А гэтыя падарункі ад дзяржавы... Дзякуй, вядома, што гэта дазваляе разгрузіць месцы зьняволеньня, што некалькі тысяч чалавек ня будуць мучацца ва ўмовах калёніяў. Гэта ўжо таксама добра. Але, на мой погляд, трэба інакш арганізоўваць працэдуру датэрміновага вызваленьня. Дзейнічаць праз замену пакараньня на больш мяккае, праз умоўна-датэрміновае вызваленьне, спыненьне адбыцьця пакараньня з прычын стану здароўя. Для гэтага ў нас дастаткова законаў і нормаў, але яны часта не працуюць. Прыкладам, спыненьне адбыцьця пакараньня з прычыны цяжкай хваробы ў нас амаль не ўжываюць, або ўжываюць, калі ўжо чалавеку паміраць.

Рушаньня Васьковіч, маці палітвязьня Яўгена Васьковіча, гэтак адрэагавала на зьвесткі пра прыняцьце закону аб амністыі:

«Мы з сынам бачыліся апошні раз у красавіку, і ён тады нічога не казаў пра амністыю. Але ведаю, што парушэньняў у яго, як перавялі ў калёнію, няма. Працуе, са здароўем усё нармальна. У верасьні будзе год, як ён зноў у калёніі, і тады, калі ня будзе парушэньняў, зможа падаваць на датэрміновае вызваленьне. Яму засталося сядзець крыху больш за 2,5 года. Але калі адносна яго ўжывуць амністыю раней, будзе яшчэ лепш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG