Заяўкі будуць прымаць да 31 траўня 2015 на электронную пошту havelfellowship@rferl.org. Заяўка складаецца з дадзеных аб удзельніку, матывацыйнага ліста, узораў работ, двух рэкамэндацыйных лістоў, рэзюмэ і «Ліста да Вацлава Гаўла». У свой час Вацлаў Гавэл, знаходзячыся ў зьняволеньні, пісаў сваёй жонцы лісты. Пазьней яны былі выдадзеныя як кніга «Лісты да Вольгі».
Узяць удзел у праграме могуць журналісты зь Беларусі, Украіны, Расеі, Армэніі, Азербайджану, Грузіі, Малдовы. Стыпэндыяты, якія пройдуць адбор, атрымаюць магчымасьць стажыравацца ў рэдакцыях галоўнага офісу РСЭ/РС у Празе, супрацоўнічаючы з дасьведчанымі журналістамі. Стажыроўка будзе доўжыцца ад 1 лістапада 2015 да 30 чэрвеня 2016 году.
Мэта стыпэндыі імя Вацлава Гаўла — падтрымка пэрспэктыўных журналістаў з краін, дзе ёсьць праблемы з вольнымі і незалежнымі сродкамі інфармацыі. «Стымулам да стварэньня праграмы стала вера былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла ў ролю журналістыкі як трансфарматара рэпрэсіўных рэжымаў», — адзначаюць ініцыятары прэміі.
У 2011-2012 гадах стыпэндыятам прэміі імя Вацлава Гаўла ад Беларусі быў Франак Вячорка — журналіст і грамадзкі дзяяч, адзін з кіраўнікоў культурніцкай арганізацыі «Арт Сядзіба».
У 2014-2015 гадах стыпэндыятам стала журналістка тэлеканалу «Белсат» Ганна Любакова.
Стыпэндыя імя Вацлава Гаўла — гэта супольная ініцыятыва Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода і Міністэрства замежных справаў Чэхіі, пры падтрымцы дабрачыннага фонду Вацлава Гаўла і Дагмар Гаўлавай VIZE97, а таксама Prague Freedom Foundation.