Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы сталі меней адпачываць у Беларусі: Грошы не дазваляюць


Меней расейцаў сёлета прыедзе на адпачынак і ў беларускія санаторыі. Часьцей туды стаялі заяжджаюць беларусы. Раней тутэйшыя дамы адпачынку былі для іх амаль недаступнымі, бо іх займалі расейцы. Іх задавальнялі невысокія кошты і якасьць абслугоўваньня.

Пра падзеньне турыстычнага інтарэсу расейцаў да Падняпроўскага краю кажуць у агенцтве Магілёўаблтурыст. Калі летась у траўні турапэратар прымаў дзесяць груп з Расеі, то на сёлетні травень пацьвердзіла намер прыехаць толькі адна. У турыстычнай арганізацыі зьвязваюць такую сытуацыю з эканамічнымі праблемамі ў суседняй краіне.

«Цяпер для расейцаў да нас ехаць дужа дорага. Заўжды цана ўплывае моцна на паток турыстаў», — даводзіць супрацоўніца турапэратара.

Паводле суразмоўніцы, часьцей сталі прыяжджаць на Магілёўшчыну турысты зь Літвы ды Латвіі. Пакуль, аднак, супрацоўніца турапэратара ўстрымлівацца казаць пра ўстойлівую тэндэнцыю. Зазначае, што за год прыяжджае адзін, два аўтобусы.

«Прыяжджаюць у асноўным жыхары Літвы, Латвіі сталага веку. У іх настальгія. Фэрмэрскія асацыяцыі зьбіраюцца і прыяжджаюць, каб пабачыць, што зь сябе ўяўляюць аграрадкі. Іх асабліва цікавіць Александрыя, менавіта, як аб’ект агратурызму. Сустракаюцца з спэцыялістамі гаспадаркі. Глядзяць тамтэйшае агароднінасховішча ды зерняток. То бок іх цікавіць, як у нас функцыянуе сельская гаспадарка», — зазначае супрацоўніца дзяржаўнага агенцтва Магілёўаблтурыст.

Пра падзеньне інтарэсу расейцаў да адпачынку на Магілёўшчыне кажуць і ў тутэйшых санаторыях. Прычынаў такой сытуацыі некалькі, у тым ліку і крызіс у расейскай эканоміцы.

«Даляр стаў даражэй у два разы, таму прыехаць да нас ім стала таксама даражэй. Плюс да гэтага падаражэў транспарт асабліва чыгуначны. Былі выпадкі калі ахвотныя адпачыць у нас прыяжджалі зь перасадкамі. Спачатку ехалі да Смаленска, а там перакладнымі прыяжджалі да санаторыя. Да гэтага ўсяго летась быў шэраг банкруцтваў буйнейшых расейскіх турапэратараў і, зразумела, гэта не магла, не напалохаць патэнцыйных тамтэйшых ахвотнікаў адпачыць у нас», тлумачыць супрацоўнік аднаго з бабруйскіх санаторыяў.

Паводле суразмоўцы, расейскі ўрад пачаў падтрымліваць санаторыі ў Краснадарскім краі, а таксама робіць захады, каб зьявіліся ахвотнікі адпачыць у Крыму. Ён зазначае, што ў Расеі распрацавана датацыйная праграма з ільготным падаткаабкладаньнем для прадпрыемстваў, якія адпраўляюць сваіх супрацоўнікаў у расейскія дамы адпачынку.

«Ды яшчэ Крым, які трэба загружаць, — дадае суразмоўца. — Там жа шмат санаторыяў, якія цяпер пустуюць. Да іх ня могуць дабрацца тыя ж беларусы. Украінцы ўжо туды ня едуць. Таму такая праграма комплексная ў іх існуе, каб загрузіць найперш санаторыі Крыма. Яны дужа пасунуліся ў цане пуцёўкі. Калі раней у нас цана адрозьнівалася ў два з паловай разы і нават тры, то цяпер у паўтары разы, а яшчэ плюс прыехаць яшчэ».

Крымскія пляжы
Крымскія пляжы

«А ці павярнулі тварам да беларускіх санаторыяў беларусы? Крым жа цяпер для іх недаступны, дык куды цяпер?»

«Так павярнуліся. Летась гэта было адчувальна. Пік сэзону наш ў ліпені-жніўні. У гэты час беларусаў раней было 10-12 працэнтаў, а летась іх было працэнтаў трыццаць».

Тым часам у цэнтры Магілёва разгорнутая расьцяжка, якою запрашаюць на бюджэтны адпачынак у расейскія санаторыі Краснадарскага краю. Запросінаў жа ў беларускія няма.

У невялікіх прыватных дамах адпачынку ды аграсядзібах таксама кажуць пра падзеньне інтарэсу расейцаў да турыстычных ваяжаў у Беларусь:

«Гэта ўсё праз фінансы, — выказваецца гаспадар невялікага дома адпачынку з Бабруйскага раёну.— Усе ж беды праз недахоп грошы. Калі грошы ёсьць, тады гуляем. Грошай няма, тады ўсё сьціпла. Гэтак жа паводзяць сябе і расейцы».

У турыстычных фірмах, якія працуюць з расейскімі санаторыямі, на пытаньне, ці шмат ахвотных наведаць Краснадарскі край, адказваюць каротка: «Цікавяцца».

Сярод краінаў, якія зьбіраюцца наведаць сёлета дзеля адпачынку магілёўцы, называюцца Баўгарыя, Турцыя, Егіпет і Чарнагорыя.

«Гэта асноўныя кірункі адпачынку, — тлумачыць супрацоўніца адной з турыстычных фірмаў. — Некаторыя наважваюцца выяжджаць на адпачынак нават у Віетнам. У каго як дазваляе кашалёк».

«Але тэндэнцыя такая сёлета, што шукаюць адпачынак усё ж патаньней, — працягвае суразмоўніца. — Вы ж разумееце, курс валют памяняўся. Калі летась на гэтыя грошы ў валюце можна было нешта палепш выбраць, то сёлета пагорш. Таму прыярытэты людзі крыху памяняліся».

У турыстычных фірмах прызнаюць, што сёлетні інтарэс да замежнага адпачынку ў параўнаньні зь леташнім, ня дужа пасьпяховым годам, яшчэ меншы.

«Яшчэ сэзон толькі пачынаецца, аднак ужо на раньнім браніраваньні ахвотных адпачыць намнога меней, чым летась», — адзін з характэрных адказаў на пытаньне пра жаданьне магілёўцаў адпачываць за мяжой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG