Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нам працы ня трэба, нам сьвяты давай


архіўнае фота
архіўнае фота

У сьвята працы, 1 траўня, Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), як звычайна, правядзе мітынгі, маёўкі, канцэртныя і тэатралізаваныя мерапрыемствы на адкрытых пляцоўках і ў парках.

Сёлета галоўнае сьвяткаваньне пераносіцца з традыцыйнага месца — сталічнага парку імя Янкі Купалы — на плошчу Дзяржаўнага сьцяга. А вось незалежным прафсаюзам правесьці мітынг у абарону правоў працоўных Менскі гарвыканкам забараніў.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук сказаў Свабодзе, што іншага адказу ад уладаў ён і не чакаў:

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

«Наша ўлада настолькі прадказальная ў сваіх дзеяньнях, што, канечне, нам дазволу не далі. Мы падрыхтавалі адпаведную заяўку на тое, каб ладзіць мітынг у парку Дружбы народаў колькасьцю да 500 чалавек. Пазаўчора мы атрымалі адказ зь Менгарвыканкаму са спасылкай на тое, што 1 траўня — гэта дзяржаўнае сьвята Працы, і ў парку будуць ладзіцца масавыя гуляньні.

Улады любяць гуляць. А мы ўпэўненыя, што лічыць гэты дзень дзяржаўным сьвятам працы ёсьць цынізм. Гэта — міжнародны дзень салідарнасьці працоўных. У яго ёсьць свая гісторыя. І, канечне, ва ўсім сьвеце ён так і сьвяткуецца. Працоўныя ж кроў пралівалі, каб нейкую сымбалічную дату сабе адваяваць».

Афіцыйныя ж прафсаюзы гатовыя сьвяткаваць якраз 1 траўня. На сайце ФПБ паведамленьне пра мерапрыемствы, прызначаныя на гэты дзень, так і называецца: «Сьвяткуем Першамай разам!». Надрукаваныя анонсы пра адкрыцьцё залі працоўнай славы, ушанаваньне прадстаўнікоў працоўных дынастыяў, уручэньне прафсаюзных прэміяў, ускладаньне кветак да стэлы «Менск — горад-герой», канцэрт фіналістаў моладзевага конкурсу ФПБ ды іншыя мерапрыемствы.

Сёлета сьвяткаваць Першамай асабліва не выпадае з прычыны таго цяжкага становішча, у якім апынуліся беларускія працоўныя, — лічыць старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч

«Калі сотні заводаў не разьлічыліся цалкам зь людзьмі па заробку, калі цяпер пад выглядам аптымізацыі ідзе скарачэньне. Напрыклад, на „Гомсельмашы“ на галоўным канвэеры „аптымізацыя“ павінна дасягнуць як мінімум 50%. Шмат якія прадпрыемствы працуюць па чатыры дні на тыдзень. Вось пра гэта, пра тое, што сёньня хвалюе людзей, і трэба гаварыць прафсаюзам. Трэба абмяркоўваць зь людзьмі, як выходзіць з гэтага становішча, і выказваць патрабаваньні ўраду. Бо ўжо даўно не было такога жахлівага становішча, як цяпер.

Афіцыйныя прафсаюзы павінны шчыра сказаць пра гэта людзям. Але ж яны ня скажуць. Ну, нічога, пройдзе час, і людзі разьбяруцца. Яны і ўжо пачынаюць разьбірацца, задаюцца пытаньнем: навошта сёньня такая мільённая структура, якая ня можа абараніць людзей?!»

Афіцыйнае адкрыцьцё сьвяточных мерапрыемстваў сёлета невыпадкова адбудзецца на плошчы Дзяржаўнага сьцяга, лічыць Аляксандар Ярашук:

«Маючы на ўвазе палітычны чыньнік, будуць выстаўляць напаказ нашу незалежнасьць. Улады ўспрымаюць яе ў выглядзе дэкарацыяў. Вось ёсьць плошча такая, ёсьць дзяржаўны сьцяг, ёсьць спэцыяльная рэзыдэнцыя. А калі так, то ўжо ёсьць і незалежнасьць. Застаецца толькі пасьмяяцца, бо цяпер у нас як ніколі праблемы з гэтай незалежнасьцю. У эканоміцы такое адбываецца. Сёньня існуе рэальная незадаволенасьць працоўных. Яна яшчэ не дасягнула крытычнай масы. Але яна фармуецца. І гэта відавочна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG