Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларусаў няма грошай на ўсясьветных зорак


Гурт DEF LEPPARD
Гурт DEF LEPPARD

Замежныя артысты адмаўляюцца выступаць у Беларусі. За апошні час адразу тры велічыні ўсясьветнага ўзроўню заявілі пра адмену анансаваных канцэртаў у Менску — амэрыканец Лені Кравіц, канадзец Браян Адамс і брытанскія рокеры Def Leppard. У чым прычына «байкоту»?

Заплянаваны на 15 траўня ў менскім Палацы спорту канцэрт культавага рок-гурту Def Leppard скасаваны зь «лягістычных меркаваньняў». Гэта азначае, што эўрапейскі тур ангельцаў пачнецца не зь Беларусі, як плянавалася адпачатку, а зь Літвы.

Адметна, што месяц таму з той жа самай прычыны быў ануляваны прыезд у Менск героя-рамантыка з Канады Браяна Адамса. Тады арганізатары патлумачылі, што групу суправаджэньня напалохала беларуская мяжа, на якой нікому не хацелася забуксаваць на суткі.

Адмову зазірнуць у Беларусь легенды 1990-х Лені Кравіца прыкрылі хваробай сьпевака, але за дзень да гэтага ён з посьпехам выступіў у Маскве, і застаецца загадкай, што за навала зваліла артыста наступнае раніцы. Ва ўсіх выпадках сьцьвярджалася, што квіткі на канцэрты прадаваліся добра.

Дык у чым прычына, што зоркі ўсясьветнага маштабу абмінаюць Беларусь? Прадусар, арганізатар канцэртаў Віталь Броўка кажа, што за агучанымі прычынамі ў бальшыні выпадкаў хаваецца элемэнтарная неплатаздольнасьць публікі: выстаўленыя цэньнікі неадэкватныя беларускім заробкам, і пракатныя агенцтвы мусяць апраўдвацца лягістыкай ды хваробамі артыстаў:

«Зразумела, што калі публіцы альбо нецікавы нейкі артыст, альбо ў сілу эканамічнай, фінансавай сытуацыі кожнага асобнага гледача няма магчымасьці сабраць адпаведную колькасьць людзей, то ні артыст, ні арганізатар выступу не зацікаўленыя ў тым, каб сказаць, што квіткоў не набылі, таму канцэрту ня будзе. Вось і даводзіцца шукаць іншую, больш прыемную, абцякальную фармулёўку. Гэта сапраўды так, бо я і сам сутыкаюся з гэтым у сваёй працы. Таму асноўная прычына — нізкі попыт на квіткі, высокая канкурэнцыя сярод арганізатараў падзеяў, значная ў параўнаньні зь мінулымі гадамі колькасьць канцэртаў, у тым ліку і зорак першай велічыні. Для спажыўца ў нейкай ступені гэта добра, таму што ёсьць выбар, ёсьць магчымасьць убачыць тых зорак, пра якіх яшчэ нядаўна не даводзілася і марыць. Але разам з тым ня ўсе канцэрты адбываюцца, бо актыўнага гледача, які гатовы плаціць сур’ёзныя грошы за шоў, на жаль, недастаткова на ўсе заяўленыя імпрэзы».

Беларускія спажыўцы здаўна знаходзяцца ў арбіце ўплыву расейскай эстрады, лічачы за «сваіх» выканаўцаў шансону, удзельнікаў шматлікіх сьпеўных шоў і г. д. Пры гэтым цэны на маскоўскую папсу ці на «іконаў стылю» кшталту Стаса Міхайлава — як на зорак міжнароднага маштабу. Ці не пераходзяць дарогу замежнікам менавіта расейцы? Прадусар Віталь Броўка раіць не пераацэньваць вагу ўсходняга шоў-бізнэсу:

«Сёньня расейская эстрада і расейскі шансон зьбіраюць залі гэтак жа няўдала, як і ўсе астатнія. Канечне, вельмі шмат залежыць ад калібру артыста: прыкладам, толькі нядаўна завяршыліся невялікія туры „Акіяну Эльзы“ і „Бі-2“. І тыя, і тыя сабралі нядрэнна ў параўнаньні зь іншымі канцэртамі, што цяпер адбываюцца, але зусім ня столькі, як зьбіралі яшчэ паўтара-два гады таму. Так што ўсё вельмі адносна».

Карэспандэнт: «То бок асноўны чыньнік сарваных канцэртаў — проста неплатаздольнасьць насельніцтва».

«Магчыма, не настолькі канкрэтна і рэзка, але сутнасна — так. Усё ж яшчэ пару гадоў таму значную долю пакупнікоў складалі прафсаюзныя арганізацыі і вялікія прадпрыемствы. Цяпер адбываецца так званая аптымізацыя, а насамрэч проста скарачэньне кадраў, скарачэньне няпрофільных, не наўпроставых выдаткаў, якія ніяк не зьвязаныя з вытворчым працэсам. Зразумела, што на такіх рэчах, як забавы, карпаратывы і паходы на канцэрты, у першую чаргу гэта і адбіваецца».

Чарговы гранд, які цяпер актыўна рэклямуецца на бігбордах, у прэсе і на тэлебачаньні, — амэрыканскі гурт Linkin Park. Але калі ўлічыць, што квіткі на альтэрнатыўшчыкаў стартуюць ад 1 мільёна рублёў, прагназаваць ажыятаж на «Мінск Арэне» досыць складана. Вядома, калі яшчэ да таго часу ня зьявяцца праблемы зь «лягістыкай» ды здароўем у саліста Чэстэра Бэнінгтана.

Менскі канцэрт амэрыканскага гурту Limp Bizkit
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:18 0:00

Дзеля справядлівасьці, ня ўсе канцэрты замежных зорак касуюцца ды пераносяцца. За апошні час у Менску фэерычна адгрымелі такія знакамітасьці, як адны з пачынальнікаў хард-року Deep Purple і Nazareth, нямецкія Scorpions і Rammstein, амэрыканскія Marilyn Manson і Limp Bizkit, паасобку Accept і колішні фронтмэн гурту UDO, бразыльская Sepultura, прадстаўнікі лягчэйшага жанру Элтан Джон і Робі Ўільямс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG