Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа не пакіне Ўкраіны без дапамогі


Зьлева направа: Жан-Клёд Юнкер, Арсень Яцанюк і Пятро Парашэнка.
Зьлева направа: Жан-Клёд Юнкер, Арсень Яцанюк і Пятро Парашэнка.

Сёньня ў Кіеве праходзіць Міжнародная канфэрэнцыя ў падтрымку Ўкраіны, на якой эўрапейскія донары абмяркоўваюць шляхі інвэстыцыйнай дапамогі ўкраінцам.

Прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк сказаў, што Кіеў разьлічвае да канца 2015 году атрымаць каля 3 мільярдаў даляраў наўпроставых інвэстыцый па лініі Эўрапейскага банку рэканструкцыі і Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку.

Паводле Яцанюка, аб’ём інвэстыцый залежыць ад таго, як хутка ўкраінскі парлямэнт і ўрадавая кааліцыя падтрымаюць рэфарматарскія законапраекты, якія былі ўжо ўнесеныя на разгляд дэпутатаў і якія заплянаваныя для будучых рэформаў.

Тым часам учора, 27 красавіка, у Кіеве адбыліся перамовы паміж прэзыдэнтам Эўрапейскай рады Дональдам Тускам, прэзыдэнтам Эўракамісіі Жанам-Клёдам Юнкерам і прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Парашэнка атрымаў ад сваіх эўрапейскіх партнэраў абяцаньні палітычнай і фінансавай падтрымкі, але Брусэль па-ранейшаму захаваў маўчаньне наконт пэрспэктываў сяброўства Украіны ў Эўразьвязе. Так коратка можна падсумаваць вынікі гэтага саміту.

Што тычыцца фінансавых пытаньняў саміту, дык Туск і Юнкер выказаліся за неадкладнае падпісаньне крэдытнага пагадненьня, у рамках якога Ўкраіна мае атрымае 1 мільярд 800 мільёнаў макрафінансавай дапамогі.

Бакі таксама пацьвердзілі, што з пачаткам 2016 году пачне дзейнічаць паглыбленая зона свабоднага гандлю паміж Украінай і Эўразьвязам, у межах якой наступіць паўнавартасная адмена мытаў на эўрапейскія тавары.

Туск і Юнкер падчас саміту падштурхоўвалі Ўкраіну да больш апэратыўных рэформаў, у прыватнасьці, да дэцэнтралізацыі ўлады, барацьбы з карупцыяй, рэформы судаводзтва і рэструктурызацыі энэргетычнага сэктару.

Што тычыцца палітычных пытаньняў, кіраўнікі Эўразьвязу і Украіны пагадзіліся, што трэба прытрымлівацца менскіх пагадненьняў адносна ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Украіны ды захаваць эўрапейскія санкцыі супраць Расеі.

Брусэль ня хоча ладзіць бязьвізавы рэжым і слаць міратворцаў

Прапановы Парашэнкі ўвесьці эўрапейскую міратворчую місію на Данбас і бязьвізавы рэжым паміж Украінай і Эўразьвязам, як паведамляюць украінскія СМІ, не знайшлі прыхільнага водгуку з боку брусэльскіх кіраўнікоў.

Дональд Туск падчас прэс-канфэрэнцыі дапусьціў, што Эўрасаюз можа накіраваць ва Ўкраіну не вайсковую, а «грамадзянскую ацэначную місію».

Кажучы пра пэрспэктывы далейшага супрацоўніцтва паміж Кіевам і Брусэлем, прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка заклікаў ЭЗ афіцыйна прызнаць, што Ўкраіна можа стаць у будучыні удзельніцай Эўразьвязу. Парашэнка выказаў спадзяваньне, што праз 5 гадоў Кіеў павінен «дасягнуць умоў, неабходных для таго, каб падаваць заяўку на сяброўства ў ЭЗ».

Аднак прэзыдэнт Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер ухіліўся ад наўпроставага адказу пра пэрспэктывы такога сяброўства.

«На мой погляд, Украіна — частка эўрапейскай сям’і. Не афрыканскай, а эўрапейскай. Але калі прыйдзе час, я буду гатовы даць вам кароткі адказ» — сказаў ён журналістам.

Ці будзе Эўразьвяз плаціць украінскім чыноўнікам?

Цікавую дэталь пра перамовы на кіеўскім саміце паведаміла інтэрнэтнае выданьне «Эўрапейская праўда».

Паводле гэтага сайту, Эўразьвяз «пачаў сур’ёзна абмяркоўваць фінансаваньне зарплаты ўкраінскіх дзяржслужачых-рэфарматараў». Спасылаючыся на ананімнага высокапастаўленага прадстаўніка Эўракамісіі, «Эўрапейская праўда» піша, што мэтай такога фінансаваньня мае быць перад усім прадухіленьне карупцыі сярод «ключавых супрацоўнікаў дзяржструктураў, якія маюць дачыненьне да шматмільённых бюджэтных сумаў, але атрымліваюць зарплату ў памеры 200-300 эўра».

Паводле гэтай меркаванай схемы, Украіна павінна прыняць зьмены ў закон аб дзяржаўнай службе і падрыхтаваць рэформу апарату тых ведамстваў, дзе будзе ўведзенае зьнешняе фінансаваньне. Іх колькасьць, як паведамляе «Эўрапейская праўда», зьяўляецца прадметам дыскусіі. Кіеў нібыта паведаміў, што хацеў бы задзейнічаць у праграме каля паўсотні дзяржаўных структураў, але ў ЭЗ лічаць, што трэба пачынаць зь меншай колькасьці — напрыклад, з тых, якія аказаліся найбольш эфэктыўнымі ў рэфармаваньні падсправаздачнага сэктару дзяржаўнага кіраваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG