Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мірона» не пускаюць ва Ўкраіну


Зьміцер Піменаў
Зьміцер Піменаў

Беларускаму палітуцекачу ў Бэльгіі Зьмітру Піменаву адмовілі ў выдачы ўкраінскай візы.

Зьміцер Піменаў — беларускі «Мірон», які на Віцебшчыне вывешваў у цяжкадаступных месцах бел-чырвона-белыя сьцягі. Каля дзесяці гадоў ён жыве ў Бэльгіі ў статусе палітычнага ўцекача.

Зьміцер Піменаў паведаміў Радыё Свабода пра свае праблемы з атрыманьнем украінскай візы:

«Я ўжо тры гады навучаюся ва Ўкраінскім каталіцкім унівэрсытэце ў Львове. Гэта духоўная навучальная ўстанова, якая ня ўнесеная ў рэестар дзяржаўных навучальных устаноў Украіны. А таму на яе навучэнцаў не распаўсюджваецца той парадак, калі студэнты атрымліваюць візу на ўвесь тэрмін навучаньня. Пры гэтым я ня маю беларускага пашпарта, а маю пашпарт палітычнага ўцекача паводле жэнэўскай канвэнцыі — так званы жэнэўскі пашпарт. Гэты пашпарт дазваляе вольна наведваць краіны Эўразьвязу, але для краінаў па-за межамі ЭЗ патрэбныя візы. Гэткім чынам, наведваць Украіну маю магчымасьць праз запрашэньні прыватных асобаў. Мае ўкраінскія сябры, якіх я ведаю праз царкву, дасылалі для мяне запрашэньні, і я атрымліваў візу ў амбасадзе Ўкраіны ў Брусэлі. Сёлета ж, калі яны прыйшлі браць такое запрашэньне ў пашпартным аддзеле ва Ўкраіне, які заўсёды іх выдаваў, то ім адмовілі. Маўляў, у зьвязку з тым, што ва Ўкраіне складанае палітычнае становішча, ідзе вайна, мы ня можам даць дазволу на запрашэньне».

Зьміцер Піменаў кажа, што ня ведае, як патлумачыць пазыцыю ўкраінскіх уладаў, тым больш што сам ён мае адкрыта праўкраінскую пазыцыю:

«Мой занятак ва Ўкраіне — гэта тое, што я набываў амуніцыю, валянтэрам перасылаў грошы, у вайсковы шпіталь у Львове вазіў падарункі. Таксама падтрымліваю ўсе ўкраінскія маніфэстацыі, якія адбываюцца ў Брусэлі. Калі я бачу, што Ўкраіна займае такую антыкрамлёўскую палітыку, то мушу падтрымліваць і Ўкраіну».

Знаёмая Зьмітра Піменава ў Івана-Франкоўску Ірына, якая дапамагае беларускаму палітуцекачу ў атрыманьні ўкраінскай візы, кажа, што абураная беспадстаўнай адмовай чыноўнікаў выдаць запрашэньне. Цяпер яна спрабуе ўрэгуляваць гэтую праблему з прадстаўнікамі СБУ.

Паводле Зьмітра Піменава, у Львоўскім каталіцкім унівэрсытэце ён атрымлівае пэдагагічную адукацыю выкладчыка багаслоўя. Па заканчэньні ВНУ марыць вярнуцца ў Беларусь і працаваць турэмным сьвятаром.

«Я беларускі палітычны ўцякач. Але я веру, што Беларусь будзе вольная. Празь пяць гадоў я якраз скончу навучаньне і пляную вярнуцца з вышэйшай багаслоўскай адукацыяй, каб прынесьці карысьць Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG