Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымскія скарбы вернуць Украіне, бо сьвет не прызнае анэксію Крыму — нідэрляндзкі адвакат


Для Ўкраіны гэта судовая справа можа стаць прававым прэцэдэнтам адносна непрызнаньня анэксіі Крыму, пацьверджаным замежнай судовай інстанцыяй, у дадзеным выпадку нідэрляндзкім судом.

Судовы працэс па вяртаньні крымскіх скарбаў, які цяпер праходзіць у Амстэрдаме, можа доўжыцца год, а то і больш. Так сьцьвярджае нідэрляндзкі адвакат Маартэн Сандэрс, што выступае на баку ўкраінскай дзяржавы ў гэтай справе.

Чатыры крымскія музэі і ўнівэрсытэт Амстэрдама сталі ініцыятарамі судовага працэсу, паколькі апошні ў асобе музэя Алярда Пірсана, які зьяўляецца часткай гэтага ўнівэрсытэта, адмовіўся вяртаць скіфскія скарбы з-за акупацыі Крыму Расеяй.

Раней гэтыя скарбы былі прадстаўленыя на экспазыцыі ў згаданым музэі. 8 красавіка 2015 акруговы суд Амстэрдама зацьвердзіў тры бакі справы — крымскія музэі, унівэрсытэт Амстэрдама і ўкраінскую дзяржаву. Нідэрляндам было адмоўлена ва ўдзеле з-за адсутнасьці дастаткова абгрунтаванай цікавасьці ў справе. Таму зараз украінскі бок рыхтуе разгорнуты зьмест пазову, які павінен прадставіць у судзе 20 траўня 2015 году. Непасрэдны разгляд справы акруговым судом Амстэрдама адбудзецца не раней за жнівень, паколькі, як сьцьвярджае адвакат Маартэн Сандэрс, трэба час для абмену дакумэнтамі і аргумэнтамі.

Нідэрляндзкі адвакат Маартэн Сандэрс
Нідэрляндзкі адвакат Маартэн Сандэрс

«Аргумэнт крымскіх музэяў у тым, што яны заключылі кантракт з унівэрсытэтам Амстэрдама аб прадстаўленьні скіфскіх скарбаў для экспазыцыі ў музэі Алярда Пірсана, а таму трэба выконваць умовы кантракту і вярнуць іх крымскім музэям, зь якімі і быў заключаны кантракт.

З часу анэксіі Крыму крымскія музэі больш не ўпаўнаважаныя кантраляваць, куды паедуць гэтыя артэфакты, бо яны зьяўляюцца ўласнасьцю Ўкраіны. І хоць гэтым музэям было дадзена права вырашаць лягістычныя пытаньні адносна скіфскіх артэфактаў, з моманту анэксіі Крыму гэта права забралі, паколькі толькі Ўкраіна можа вырашыць, куды павінны быць дастаўленыя гэтыя скарбы. Судовая справа пацьвердзіць, што ў пэўнай ступені судаводзтва мае перавагу над фактычным становішчам спраў, бо яно не прызнае анэксію. Суд Нідэрляндаў ня мае справу з расейскім бокам у дадзеным выпадку. Як вынік, скарбы будуць вернутыя Ўкраіне. У гэтым выпадку, анэксія Крыму не зьяўляецца фактам», — заявіў нідэрляндзкі адвакат Маартэн Сандэрс у інтэрвію Свабодзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG