Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ПАРЭ назвала ўмовы аднаўленьня кантактаў з афіцыйным Менскам


Ан Брасэр
Ан Брасэр

Прэзыдэнт ПАРЭ агучыла ўмовы аднаўленьня кантактаў з афіцыйным Менскам.

Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Ан Брасэр выказалася пра сытуацыю ў Беларусі. Яна нагадала ўмовы аднаўленьня кантактаў з афіцыйным Менскам: увядзеньне мараторыя на сьмяротнае пакараньне, вызваленьне палітвязьняў і правядзеньне свабодных выбараў. Да выкананьня трох гэтых умоваў казаць ні пра аднаўленьне кантактаў на вышэйшым узроўні паміж ПАРЭ і афіцыйным Менскам, ні пра вяртаньне Беларусі статусу спэцзапрошанага казаць не даводзіцца.

«Больш за ўсё мяне непакоіць, што жыхары Беларусі не абароненыя Эўрапейскай канвэнцыяй па правах чалавека», — заявіла прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Ан Брасэр на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Страсбургу.

«Для мяне вельмі важна, каб дзеяньне канвэнцыі распаўсюджвалася на кожнага грамадзяніна любой эўрапейскай краіны, а зь Беларусьсю гэта ня так, таму што яна не зьяўляецца членам Рады Эўропы», — сказала Брасэр.

Яна адзначыла, што Беларусь падпісала шэраг канвэнцый Рады Эўропы, у тым ліку канвэнцыю па гандлі людзьмі, дадатковы пратакол да канвэнцыі па барацьбе з карупцыяй і іншыя. «Гэта пазытыўна, але, зразумела, недастаткова для таго, каб краіна стала членам Рады Эўропы, — падкрэсьліла прэзыдэнт ПАРЭ. — Галоўнай, хоць і не адзінай, перашкодай для ўваходжаньня Беларусі ў Раду Эўропы зьяўляецца сьмяротная кара, якая ня толькі існуе ў дакумэнтах, але і рэальна прымяняецца ў Беларусі».

Ан Брасер нагадала, што ў красавіку 2010 года ПАРЭ прыняла рашэньне замарозіць кантакты з Беларусьсю на высокім узроўні. «Былі выстаўленыя ўмовы: мараторый на сьмяротную кару, неабходнасьць істотнага і падкантрольнага прагрэсу ў кірунку дэмакратычных прынцыпаў і каштоўнасьцяў, правядзеньне сумленных выбараў і вызваленьне ўсіх палітзьняволеных. І гэтыя перашкоды ўсё яшчэ існуюць», — заявіла кіраўнік ПАРЭ.

Асамблея, паводле слоў Брасэр, падтрымлівае кантакты з Беларусьсю на ўзроўні спэцдакладчыкаў і камітэтаў, таму што «толькі праз дыялёг можна палепшыць сытуацыю». «Але калі ня будзе істотнага прагрэсу па названых пунктах, мы не зможам вярнуць Беларусі статус спэцыяльнага запрошанага», — дадала яна.

Пры гэтым Брасэр падкрэсьліла, што галоўнай мэтай для ПАРЭ застаецца «рух Беларусі ў кірунку членства ў Радзе Эўропы». «Гэтая мэта застаецца, і дасягнуць яе можна толькі сумеснымі намаганьнямі двух бакоў. Мы выступаем за рух Беларусі да членства ў Радзе Эўропы, таму што кожны грамадзянін павінен быць ахоплены канвэнцыяй па правах чалавека», — заявіла прэзыдэнт ПАРЭ.

Першым крокам Беларусі, які дэманструе адкрытасьць краіны да паўнацэннага дыялёгу з Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы, зьяўляецца ўвядзеньне мараторыя на сьмяротную кару, гаворыцца ў справаздачы спэцдакладчыка ПАРЭ Андрэа Рыгоні аб выніках яго візыту ў Менск у лютым 2015 года.

Дакладчык адзначае, што яго падыход да беларускіх уладаў вельмі часта крытыкуюць за «нерэалістычнасьць і наіўнасьць». «Я заўсёды верыў, што наша роля як выбраных прадстаўнікоў ня толькі ў тым, каб крытыкаваць і ацэньваць сытуацыю з правамі чалавека ў краіне, але таксама і заахвочваць на шляху да дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону. Гэта можа адбыцца толькі праз напружаныя і пасьлядоўныя намаганьні па захаваньні дыялёгу», — адзначыў Рыгоні.

У справаздачы гаворыцца, што на працягу мінулага года беларускія ўлады імкнуліся да нармалізацыі адносінаў з Захадам напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і саміту Усходняга партнэрства ў Рызе. Падзеі ва Ўкраіне таксама прымусілі Беларусь цаніць мір, стабільнасьць і незалежнасьць больш, чым калісьці, лічыць Рыгоні.

Ён адзначае, што ў Беларусі няма ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў і яна адкрыта падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

Вызваленьне некаторых палітзьняволеных, у тым ліку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, летась можа ацэньвацца «як індыкатар новага кірунку», заўважае Рыгоні. У той жа час, падкрэсьлівае ён, за кратамі застаюцца шэсьць палітзьняволеных: Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Юрый Рубцоў, Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка.

У справаздачы выказваецца шкадаваньне, што беларускія ўлады дагэтуль не дазволілі спэцдакладчыку ААН па сытуацыі ў Беларусі наведаць краіну. Рыгоні заклікаў Беларусь паўнацэнна супрацоўнічаць з усімі без выключэньня мэханізмамі ААН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG