Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Швэцыі паставілі «Тутэйшых» з удзелам Стэфана Эрыксана ФОТА


У Стакгольме 12 красавіка 2015 тэатральны гурток беларускай дыяспары паставіў урывак з п’есы «Тутэйшыя» Янкі Купалы.

Некалькі месяцаў таму творчы калектыў «Беларусаў Швэцыі» вырашыў паставіць п’есу «Тутэйшыя» Янкі Купалы. Каардынатарам ініцыятывы выступіла Галіна Красьнянская — адна з заснавальніц афіцыйнай суполкі дыяспары. Муж Галіны падрыхтаваў асноўныя дэкарацыі для пастаноўкі.

Першапачаткова меркавалася паставіць п’есу цалкам, але пазьней вырашылі выкарыстаць пяць найбольш цікавых сцэнаў. Як распавяла Галіна Красьнянская, былі абраныя фрагмэнты, якія паказваюць зьмены ўплываў Захаду і Ўсходу на Беларусь, а таксама прыстасаванства асобных беларусаў.

Прэм'еру спэктаклю ладзілі ў раёне Грондаль на захадзе Стакгольму. Мікіту Зносака сыграў Сяргей Андросенка, Янку Здольніка — Юры Кажура (старшыня Рады Згуртаваньня Беларусаў Швэцыі), Аленку — Вольга Лёвіна, даму (мяшчанку) — Ганна Ціханава, маці Мікіты — Галіна Красьнянская. Ролю прафэсара Сьпічыні, правобразам якога быў заснавальнік і першы рэктар БДУ Уладзімір Пічэта, выконваў прафэсар аднаго са стакгольмскіх унівэрсытэтаў, гісторык Андрэй Катлярчук. На ролю заходняга вучонага запрасілі Стэфана Эрыксана, былога амбасадара Швэцыі ў Беларусі, які зьяўляецца актыўным аматарам беларускай літаратуры, культуры, перакладнікам мастацкіх тэкстаў зь беларускай мовы на швэцкую, а цяпер працуе ў Міністэрстве замежных справаў Швэцыі.

Адзін з удзельнікаў пастаноўкі прафэсар Андрэй Катлярчук задаволены, што на спэктакаль прыйшло шмат новых людзей, якія даўно ня бралі ўдзелу ў мерапрыемствах дыяспары.

«Усе добра вывучылі ролі, мелі пазытыўны настрой, былі апранутыя ў нацыянальныя строі ці адпаведнае ролі адзеньне, пэўны калярыт дадаваў і прынесены самавар царскіх часоў, — распавядае Катлярчук. — Выдатна атрымаўся дыялёг Стэфана Эрыксана (заходняга вучонага) і Галіны Красьнянскай (усходняга вучонага). Роля Стэфана была асабліва для яго няпростая, бо цалкам гучала на польскай мове. Вось чаму напярэдадні прэм’еры ён ня толькі вельмі адказна яе вывучыў, але і пракансультаваўся зь беларусамі, якія валодаюць польскай, наконт вымаўленьня.

Катлярчук адзначае, што спэктакаль «Тутэйшыя» — гэта першая беларускамоўныя пастаноўка ў Швэцыі:

«На сёньня я ведаю дзьве сучасныя пастаноўкі п’есы „Тутэйшыя“ — адна ў выкананьні Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы (у Менску) і другая — мастацкі фільм, зьняты тэлеканалам „Белсат“. Пастаноўка ў Швэцыі — гэта новая спроба адрадзіць і данесьці да публікі твор вялікага клясыка Янкі Купалы — чалавека, тэксты якога не старэюць».

Арганізацыя «Sveriges Belarusier» («Беларусы Швэцыі») як афіцыйнае аб’яднаньне беларускай дыяспары існуе ўжо 6 гадоў. Арганізацыя ня мае дакладна вызначанага палітычнага ці рэлігійнага профілю, яна яднае беларусаў розных узростаў і прафэсіяў і палітычных поглядаў.

Ірына Азаранка, для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG