Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бузіну ў Кіеве забілі падчас жывога эфіру Пуціна, і той хутка адрэагаваў


Паліцыя аглядае цела Алеся Бузіны пасля таго, як ён быў застрэлены ў Кіеве, 16 красавіка 2015 году
Паліцыя аглядае цела Алеся Бузіны пасля таго, як ён быў застрэлены ў Кіеве, 16 красавіка 2015 году

«Пуцін у жывым эфіры пракамэнтаваў забойства Бузіны. Склалася ўражаньне, што вядучы мог загадзя ведаць аб трагедыі», — лічыць дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны.

У Кіеве ў чацьвер застрэлілі былога шэф-рэдактара газэты «Сегодня» Алеся Бузіну, вядомага сваімі скандальнымі антыўкраінскімі заявамі. Гэта другое гучнае забойства ва ўкраінскай сталіцы на працягу двух дзён. Напярэдадні забілі былога дэпутата-рэгіянала, таксама з прарасейскай пазыцыяй.

Забойства Бузіны і Калашнікава праваахоўнікі расьсьледуюць як заказныя. Пра гэта ўжо выказаўся прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, назваўшы гэтыя забойствы «палітычнымі» і абвінаваціўшы Захад у ігнараваньні іх.

Забойства Алеся Бузіны і Алега Калашнікава мог арганізаваць Крэмль, каб стварыць атмасфэру гістэрыі ў расейскіх СМІ — такое меркаваньне выказаў народны дэпутат ад «Народнага фронту» Антон Герашчанка, дарадца кіраўніка МУС.

«Алесь Бузіна і Алег Калашнікаў — сакральныя ахвяры. Глядзім відэа выступу Ўладзімера Пуціна, падчас якога ён у жывым эфіры пракамэнтаваў забойства Алеся Бузіны. У мяне склалася ўражаньне, што вядучы, які так старанна прадумваў кожнае слова, мог загадзя ведаць аб трагедыі, якая адбылася ў Кіеве», — напісаў Герашчанка на сваёй старонцы ў Facebook.

«Падобна на тое, што адстрэл сьведак па справе „Антымайдану“ працягваецца», — дадаў Антон Герашчанка.

Забойства Алеся Бузіны адбылося як раз у той час, калі прэзыдэнт Пуцін даваў прэс-канфэрэнцыю. У адказ на пытаньне расейскага журналіста аб апошніх забойствах у Кіеве, Пуцін назваў іх заказнымі, падкрэсьліўшы, што Захад ня хоча заўважаць «ня першае палітычнае забойства ва Ўкраіне».

«Дзе забойцы гэтых людзей? Іх проста няма — ні выканаўцаў, ні заказчыкаў. І ў гэтым аддаюць перавагу не заўважаць ні ў Эўропе, ні ў Паўночнай Амэрыцы», — сказаў Пуцін, дадаўшы, што «гэта ня першае палітычнае забойства, зьяўляецца сэрыя такіх забойстваў».

Гучныя забойствы і самазабойствы гэтага году ва Ўкраіне
Гучныя забойствы і самазабойствы гэтага году ва Ўкраіне

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка тым часам патрабуе хуткага і празрыстага расьсьледаваньня рэзанансных забойстваў. Ён назваў забойствы Калашнікава і Бузіны «падзеямі аднаго шэрагу»:

«Іх прырода і палітычны сэнс зразумелыя — гэта сьвядомая правакацыя, якая лье ваду на млын нашых ворагаў. Яна накіраваная на дэстабілізацыю ўнутрыпалітычнай сытуацыі ва Ўкраіне, на дыскрэдытацыю палітычнага выбару ўкраінскага народу», — сказаў Парашэнка.

Падрабязьней чытайце на сайце ўкраінскай службы «Свабоды».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG