Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыгнал з Нацбанку — вялікіх зрухаў у валютным курсе ня будзе


Нацыянальны банк Беларусі зьнізіў з 40% да 30% норму абавязковага продажу валютнай выручкі прадпрыемствамі краіны на Беларускай валютна-фондавай біржы.

«Каб ацаніць гэты крок галоўнага банку краіны, трэба вярнуцца ў сьнежань 2014 году — кажа кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук. — Да таго часу памер абавязковага продажу і складаў гэтыя 30%. Але 19 сьнежня, калі ў Беларусі ужо выразна абазначыўся ажыятажны попыт на замежную валюту, Нацбанк падняў плянку да 50%. А напрыканцы лютага абавязковы продаж зьменшылі да 40%. І вось цяпер давялі да звычайных 30%.

На маю думку, апошняе рашэньне сьведчыць, што Нацыянальны банк якасна робіць сваю працу і што сытуацыя на валютным рынку стабілізавалася. Гэта дае магчымасьць тым, хто мае вялікія грошы, нядрэнна на гэтым зарабляць. Напрыклад, хтосьці ў студзені паклаў 100 мільёнаў беларускіх рублёў пад 40% на 9 месяцаў. У верасьні ён здымае працэнты і на іх набывае валюту.

Гэта страшэнна спэкулятыўная схема. І асабліва прывабная для тых, хто думае, што курс ня будзе расьці, а цэны ня будуць імкліва расьці. Гэта можа тычыцца 100 тысяч укладчыкаў. Сёньня гэта самы спэкулятыўны і высокі заробак у Беларусі.

Гэтых спэкулятыўных рэчаў ніхто не кранае. Нават Лукашэнка. Бо кранеш, і людзі могуць пачаць забіраць грошы з банкаў. А цяпер няма ніякага сэнсу забіраць уклады, бо людзі добра зарабляюць пры ўмове, што курс стабільны.

Зь іншага боку, гэтая схема разбурае для бізнэсу магчымасьці крэдытаваньня».

Яраслаў Раманчук кажа: зьмяншэньне абавязковага продажу валюты азначае сыгнал з боку Нацыянальнага банку, што вялікіх зрухаў у курсе ня будзе. І што людзям, якія валюту зарабляюць, даецца больш свабоды.

Пра тое, што вялікіх зрухаў у валютным курсе бліжэйшым часам не плянуецца, сьведчыць і адмена ў красавіку тры разы запар Нацыянальным банкам аўкцыёнаў па СВОП — лічыць экс-старшыня праўленьня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч:

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

«Ніводзін з трох дзясяткаў банкаў ужо тройчы не падае заявак на аўкцыён. Гэта азначае, што банкам хапае тых грошай, якія яны маюць цяпер. Ім не патрэбныя дадатковыя грошы, каб выдаваць крэдыты прадпрыемствам. А не патрэбныя таму, што ў эканоміцы нашай застой. Некаторыя буйныя прадпрыемствы пераходзяць на няпоўны працоўны тыдзень. Карацей, эканамічная актыўнасьць цяпер на вельмі нізкім роўні. Таму і крэдытаў патрэбна менш.

Для банкаў і Нацбанку адсутнасьць заявак на СВОП — добрая рэч. Але казаць, што ў банкавай сыстэме ўсё добра, не выпадае. Каб грунтоўна ацаніць яе стан, трэба прааналізаваць шмат іншых паказьнікаў».

«СВОП» — гандлёва-фінансавая апэрацыя куплі замежнай валюты ў абмен на айчынную з далейшым выкупам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG