Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мільярд для прэзыдэнцкай дачкі


Гульнара Карымава пад хатнім арыштам
Гульнара Карымава пад хатнім арыштам

Дочкі прэзыдэнтаў Узбэкістану і Азэрбайджану, Іслама Карымава ды Ільхама Аліева, аказаліся ў цэнтры карупцыйных скандалаў.

Паводле дакладу, апублікаванага міжнародным журналісцкім праектам па расьсьледаваньні арганізаванай злачыннасьці і карупцыі (OCCRP), старэйшая дачка прэзыдэнта Узбэкістану Гульнара Карымава атрымала ад шэрагу тэлекамунікацыйных кампаній ня менш за 1 мільярд даляраў за садзеяньне ў выхадзе на узбэцкі рынак і далейшую падтрымку.

Гульнара Карымава ў мінулым — поп-зорка, дызайнэр, мэцэнат, бізнэс-лэдзі, калісьці ўплывовая і пасьпяховая. Адна з самых багатых жанчын у Цэнтральнай Азіі. Менавіта таму паходжаньнем яе грошай зацікавіліся як журналісты, гэтак і праваахоўныя органы адразу некалькіх краін.

Журналісты з праекту па расьсьледаваньні арганізаванай злачыннасьці і карупцыі выявілі што Гульнара Карымава, кантралюючы тэлекамунікацыйную галіну Ўзбэкістану, атрымлівала хабар адразу ад некалькіх тэлекамунікацыйных кампаній сьвету. Паводле іх дадзеных, швэдзкая TeliaSonera заплаціла Карымавай 381 мільён даляраў і абяцала дадаткова 75 мільёнаў.

«Гэта вельмі рэдкі выпадак, калі дачка або сын кіраўніка дзяржавы вымагаюць такія сумы грошай з розных кампаній, — заўважае журналіст OCCRP Міранда Патручыч. — Першапачатковая сума, якую Карымава атрымала ад Telia Sonera — 320 мільёнаў даляраў. Гэта сапраўды велізарныя грошы. А пасьля таго, як я пачала расьсьледаваньне, высьветлілася, што гэта быў мільярд даляраў. І гэта яшчэ ня ўсе грошы, якія яна атрымала толькі таму, што яна — дачка прэзыдэнта».

Паводле дадзеных журналістаў, у сьпісе кампаній, ад якіх Карымава атрымлівала ўзнагароджаньне, былі «Вымпелком», Alfa Telecom і МТС. Сукупна ўсе тэлекамунікацыйныя кампаніі пералічылі на рахункі прэзыдэнцкай дачкі больш за 980 мільёнаў даляраў.

«Гэта, вядома, толькі вяршыня айсбэрга, гэта даходы, атрыманыя толькі ад тэлекамунікацыйнай індустрыі. Як нам вядома, Гульнара Карымава была ўцягнутая ня толькі ў тэлекамунікацыйны бізнэс. Тэлекамунікацыя — гэта была толькі адна з галін яе бізнэсу», — кажа журналіст Алішэр Сыдык.

Міністэрства юстыцыі ЗША і Нью-Ёрскі суд папрасілі праваахоўныя органы Швэцыі замарозіць 30 мільёнаў даляраў кампаніі Takilant, якая належыць, як сьцьвярджаюць сьледчыя, «змоўшчыкам» Гюльнары Карымавай.

«Яшчэ былі выяўленыя дзясяткі рахункаў, якія вельмі цяжка прасачыць або адсачыць. Так што ідзе праца па лякалізацыі, па выяўленьні гэтых грошай у дзясятках краінах. Дзесяткі рахункаў, дзесяткі банкаў і дзесяткі хэджфондаў. Маштаб нашмат шырэйшы, чым мы сабе можам уявіць», — кажа Алішэр Сыдык.

Цікава, што Пракуратура Ўзбэкістану абвінавачвае дачку прэзыдэнта ў незаконным прысваеньні грашовых сродкаў на суму толькі 53 мільёнаў даляраў. У дадзены момант, як паведамляе сама Гульнара, яна знаходзіцца пад хатнім арыштам. Чаму дзейнасьць некалі самай недатыкальнай постаці Ўзбэкістану расьсьледуюць ў яе ўласнай краіне?

Калі яна выедзе з краіны, калі спыніцца расьсьледаваньне ва Ўзбэкістане, і Ўзбэкістан ня будзе мець прававых падставаў не выпускаць яе за межы, у такім выпадку яна будзе павінна даць паказаньні іншым сьледчым органам — у Швэцыі, Швэйцарыі, Нідэрляндах і ў ЗША, дзе яна праходзіць ў якасьці падазраванай», — тлумачыць сытуацыю Алішэр Ільхамаў, пазаштатны навуковы супрацоўнік Школы афрыканскіх і ўсходніх дасьледаваньняў.

Дочкі Ільхама Аліева — Лейла (справа) і Арзу у маскоўскім гатэлі Ritz Carlton 20 сьнежня 2007 году
Дочкі Ільхама Аліева — Лейла (справа) і Арзу у маскоўскім гатэлі Ritz Carlton 20 сьнежня 2007 году

Як сьцьвярджаюць экспэрты ў галіне расьсьледаваньня карупцыі, справа Карымавай — не адзіны выпадак, калі міжнародныя кампаніі для таго, каб прабіцца на мясцовы рынак, плацяць уплывовым постацям. У Азэрбайджане тая ж швэдзкая TeliaSonera валодае амаль 40% акцый аднаго з галоўных апэратараў — Azercell. Зьняволеная цяпер у Азэрбайджане журналістка Радыё Свабода Хадзіджа Ісмайлава высьветліла, што Azercell кантралюецца дочкамі прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева.

«Яны хаваюць свае імёны за афшорнымі кампаніямі, часам выкарыстоўваюцца 30 або 40 кампаній», — кажа Хадзіджа Ісмайлова, якая ўдзельнічае ў праекце OCCPR.

Лэйла і Арзу Аліевы валодаюць яшчэ адным найбуйнейшым апэратарам мабільнай сувязі ў краіне — Azerfon. Такім чынам, сям’я азэрбайджанскага лідэра кантралюе тры чвэрці рынку сотавай сувязі Азэрбайджану.

Кантроль над адной з самых прыбытковых галін, тэлекамунікацыямі, выгадны яшчэ і таму, што на рынак не дапускаюцца іншыя тэлефонныя апэратары. Гэта дазваляе існуючым кампаніям трымаць высокія тарыфы. А ў карыстальнікаў няма выбару, і яны вымушаныя карыстацца тым, што ёсьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG